Георгій Лепін: Бяспека АЭС – галоўнае пытанне



Прафесар, удзельнік работ па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі Георгій Лепін распавядае пра тое, на чым павінна засяродзіцца працоўная група па пераацэнцы бяспекі Беларускай АЭС.

Міжведамасная працоўная група па пераацэнцы бяспекі Беларускай АЭС створана распараджэннем прэм’ер-міністра. Да 31 жніўня гэтага года яна павінна будзе падрыхтаваць даклад пра стрэс-тэсты на атамнай электрастанцыі, якая будуецца.

Георгій Лепін: Калі гэтая група будзе рэальна працаваць, то, магчыма, туды можна будзе звяртацца з нейкімі прапановамі. У любым выпадку гэта крок у правільным кірунку, бо я неаднойчы казаў, што пры будаўніцтве такога стратэгічна важнага аб’екта дробязей не бывае. Варта не два і не тры разы, а сто разоў усё пераправерыць і трымаць на кантролі. Дарэчы, у свой час Савет міністраў таксама ствараў сваю камісію, якая павінна была вырашыць пытанне, ці трэба будаваць АЭС. І тады камісія прыняла рашэння аб мараторыі на будаўніцтва на 10 гадоў.

РР: Адным словам, ва ўладаў таксама ёсць сумненні адносна бяспекі будучай АЭС?

Георгій Лепін: Магчыма, тут нават не сумненні, а спроба быццам бы пайсці насустрач пажаданням грамадскасці і сказаць, што пытанне бяспекі атамнай электрастанцыі – на пастаянным кантролі. Хаця, паўтаруся, шкоды ад таго, што створана такая камісія ў любым выпадку не будзе. Можа быць, удасца нейкім чынам прыцягнуць увагу да праблемы, больш шырока абмяркоўваць яе. Многія ж спецыялісты даўно б’юць у званы, называюць самыя праблемныя пытанні, звязаныя з будаўніцтвам АЭС. Але ўсё гэта не набывае таго рэзанансу, які неабходны. А пытанне занадта сур’ёзнае, каб да яго ставіцца абыякава.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя