„Гэта дзень гуманізму, але кроў яшчэ будзе ліцца”



«Безумоўна, гэта вельмі заўважны дзень у гісторыі. Найперш, гэта дзень гуманізму», — так ацаніў вызваленне Надзеі Саўчанкі беларускі пісьменнік і журналіст Віктар Марціновіч. Пра свае меркаванні наконт гэтай падзеі і пра расейска-украінскі канфлікт увогуле ён распавёў у інтэрв′ю карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу.

РР: Адбылося тое,  што так доўга чакалася. Вызвалена Надзея Саўчанка. Што гэта значыць для Украіны і можа, увогуле для свету?

Віктар Марціновіч: Найперш адбыўся вельмі доўгачаканы акт гуманізму. Саўчанка была закладніцай гэтай вайны. Яна жанчына. І таму яе было ўдвая шкада. Калі ў закладнікі, у палон бяруць жаўнера мужчыну, гэта адно. А калі бяруць жанчыну, дык ставішся да гэтага больш эмацыйна. На мой погляд, Расея паводзіла сябе спрэчна. Таму сёння дзень гуманізму, перамога гуманізму. Можна толькі радавацца з гэтай нагоды.

РР: Ва Украіне з’явілася моцная палітычная фігура. Яна, як Вы думаеце, будзе здольная паўплываць на сітуацыю ў гэтай краіне?

— Асноўнае адрозненне беларускай палітыкі ад украінскай у тым, што ўсе заўважныя людзі ва Украіне з’яўляюцца палітычнымі фігурамі. Там нават Мустафа Найем, які быў да таго, як усё пачалося, журналістам, супрацоўнікам «Камерсанта», а цяпер ён вельмі заўважны гулец публічнай палітыкі. Таму ўсё, канешне, у значнай ступені залежыць ад асабістых якасцяў гэтай жанчыны. Але патэнцыял у яе вельмі вялікі. Відавочна, што яна зрабілася фактарам кансалідацыі грамадства. І нават не проста фактарам кансалідацыі, а сімвалам: сімвалам гэтай вайны, сімвалам трываласці, сімвалам пакутаў за тыя ідэалы, якія ва Украіне падзяляе вельмі шмат хто.

РР: Ці можа вызваленне Саўчанкі паспрыяць хоць нейкаму паляпшэнню адносінаў Украіны і Расеі?

Я бачыў апошнія справаздачы, якія сведчаць пра тое, што зноўку вельмі абвастрылася там ваеннае становішча, зноўку там пачалася страляніна. Апошнія сустрэчы «менскай групы», па маім адчуванні, ні да чаго не прыводзяць. Таму, на мой погляд, гэта толькі прыпыначак у вялікім супрацьстаянні. Я наогул не ведаю, як гэтую вайну можна скончыць, бо Пуцін жа ў дадзеным выпадку б’ецца не з украінцамі. Пуцін б’ецца з уяўным Абамам, з уяўнымі еўрапейцамі, якіх насамрэч не існуе. Забіць іх немагчыма. А вось падвысіць градус нянавісці ў грамадстве можна. І вось калі я гляджу Кісялёва, — гэта зрэдку адбываецца, бо ў Беларусі няшмат бываю, але калі гляджу тое, што рэтранслююць па Беларускім тэлебачанні, я проста задаюся пытаннем: а куды гэта падзенецца? Куды падзенуцца гэтая канцэнтрацыя нянавісці, гэтая канцэнтрацыя пыхі да еўрапейцаў, гэтая канцэнтрацыя варожасці, яны ж проста так не сыдуць. Я чытаю зараз навіны на рускіх дзяржаўных сайтах, як быццам бы нейкія справаздачы з адваротнага боку Рэмарка напісанага. Вось такое адчуванне. Як быццам бы націнае, наспявае нейкі вялікі канфлікт. І, на жаль, адным вызваленнем Саўчанкі, яе абменам, гэты канфлікт і гэтая варожасць не знікнуць. Кроў яшчэ будзе працягваць ліцца. Пакуль абодва бакі, у першую чаргу рускія, не навучацца талерантнасці, дараванню, пакуль яны не перагледзяць сваё месца ў свеце. Я кажу, канешне, не пра ўсіх рускіх, а пра тых, хто гэтую бойку распачаў.

РР: Калі б у Вас была магчымасць зараз асабіста нешта сказаць Саўчанке, што б Вы ёй сказалі?

— Беларускі досвед паказвае, што пасада прарока — вельмі адказная пасада. І што чалавек, які раптам на яе трапляе, павінен не проста нешта зрабіць, але і павінен быць яшчэ неяк гатовы да яе. І таму хацеў бы заклікаць яе да таго, каб яна разумна карысталася тым сімвалічным капіталам, які яна прыдбала. Украінская культура, Украіна дала свету, дала Еўропе апошнім часам вельмі яскравых паэтаў, пісьменнікаў. Сяргея Жадана ў першую чаргу. І вельмі спадзяюся, што ў яе асобе інтэлект, начытанасць, культурнасць, абазнанасць сустрэнуцца з той воляй, з той трываласцю, якія яна ўжо прадэманстравала. І ў гэтым выпадку яна сапраўды стане прарокам. У гэтым выпадку яна сапраўды стане чалавекам, які будзе сувымерным гэтай вайне, чалавекам, які будзе голасам гэтай вайны. Новым Гандзі. Таму жадаю Надзеі Саўчанцы поспехаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svavoda.org

 

 

[manual_related_posts]