Гістарычныя лекцыі ад Васіля Дубейкі



У сядзібе Баранавіцкага таварыства беларускай мовы працягваюцца пазнавальныя гістарычныя лекцыі гісторыка, краязнаўцы і даследчыка роднага краю Васіля Дубейкі. Гэтым разам аматары гісторыі даведаліся пра адносіны паміж саслоўямі ў Вялікім Княстве Літоўскім XV стагоддзя, тапаніміку іх малой радзімы і шмат яшчэ чаго, гаворыць старшыня Таварыства Мікалай Падгайскі:

– Фармаванне феадальных валоданняў, вялікакняжская дзяржаўная палітыка, адносіны паміж князямі і феадаламі. Разглядаліся пытанні тапанімікі, узнікнення населеных пунктаў і фармавання іх сучасных назваў. Разглядалася канфесійная гісторыя, міжканфесійныя адносіны. Адным словам, была насычаная і цікавая лекцыя.

Паводле Мікалая Падгайскага, чарговая лекцыя адбудзецца 20 траўня ў Русінах на сядзібе Таварыства беларускай мовы. «Чакаем усіх ахвотных даведацца як мага болей пра гісторыю Баранавіцкай зямлі з першых вуснаў», кажа спадар Падгайскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы