Гісторыя на Дзень яднання народаў



Двадцаць год таму, 2 красавіка 1996 года, Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову пра стварэнне Садружнасці Беларусь-Расея, якая пазней трансфармавалася ў нібыта Саюзную дзяржаву. Ад таго часу на афіцыйным узроўні 2 красавіка вызначылі святам – Дзень яднання народаў.

Дэкларуецца, што Беларусь і Расея маюць адзіную палітычную, эканамічную, ваенную, мытную, гуманітарную ды культурную прастору. Усё гэта вынік агульнай, гераічнай гісторыі абодвух народаў – братоў. А што ж там за гісторыя? У чым гістарычная еднасць?

Яскравы факт адлюстроўваючы ўсю сутнасць – гэта падзеі сярэдзіны XVII стагоддзя. Вайну паміж Рэччу Паспалітай ды Расейскім царствам па праву параўноўваюць з Другой Сусветнай, бо мела для таго часу такія ж жудасныя наступствы. Сярод гісторыкаў Украіны ёсць куды радыкальнейшыя выказванні “гэта быў генацыд беларусаў з боку Расеі”.

Пазбегнем адзнак, паглядзім толькі ў гістарычныя дакументы і лічбы. І так, вайна 1654-1667 гадоў.

“Доўгі час тэрыторыяй, якую не закранула вайна, было Беларускае Палессе . 25 чэрвеня 1655 года ваявода маскоўскі Дзмітрый Валконскі паслаў з Кіева ў Петрыкаў атрад. Рэйд меў грабежніцкі характар… Пасля ўзяцця Століна салдаты “унівеч абярнулі”, разрабавалі суседнія вёскі. 25 верасня атрад Валконскага падышоў да Пінска. Двойчы пінскае коннае і пешае апалчэнне з артылерыяй паспяхова адбівала паход непрыяцеля. Пасля высадкі дэсанта каля вёскі Пінкавічы і жорсткага бою горад быў заняты, але ўтрымліваць яго атрад Валконскага не змог – 27 верасня атрад мусіў пакінуць пазіцыі,” – так напісаў выбітны беларускі гісторык Міхась Ткачоў.

Як бачым вораг пробыў у Пінску усяго два дні і вось, што тады распавялі мяшчане:

“Усе скарбы, гатовые сумы, розныя тавары, золата, серабро, свінец, волава, касцельныя і царкоўныя званы, рознае збожжа і ўсе хатнія набыткі дашчэнту выбраўшы, да байдакоў і чаўноў пазносілі і пазвозілі, а адыходзячы з Пінска, замак, месца, касцёлы, цэрквы, рынкавыя крамы, дамы, фальваркі, а таксама два свірны, што на рынку стаялі, цалкам усё месца з дастаткамі спалілі і ўнівеч абярнулі і заледзьве некалькі дзесяткаў дамоў з аднаго канца на прадмесці, да якіх агонь не дайшоў, засталося”, – Беларускі гістарычны часопіс №2 за 1993 год.

Куды больш коратка і ясна выказаўся па Пінску літоўскі генерал Ян Анкудоўскі: “толькі коміны ды печы стаяць”.

Акрамя гэтага, дзеля забавы маскоўскія стральцы ладзілі “паляванні” на сялян, якія схаваліся ў лясах. Выцягвалі іх і жорстка здзекаваліся, публічна збівалі. Толькі Пінскі павет страціў палову жыхароў, як і ўсё Берасцейскае ваяводства.

Паўстае пытанне, а можа вышэйшыя маскоўскія ўлады гэтага беззаконня не загадвалі рабіць, не ведалі пра такую ганебшчыну сваіх жаўнераў. Мо ўсё самавольна, дзеля ўласнай нажывы, арганізаваў Валконскі?

Публіцыст, даследчык Ніна Марчук цытуе загад цара Аляксея Міхайлавіча: “Ісці вайною рознымі дарогамі, каб захапіць найбольшую тэрыторыю. Гарада спусташаць, забіваць і паланіць людзей, паліць вёскі, хлявы, збожжа, знішчаць усю гаспадарку”.

Усё было спланавана і рабілася згодна з вонкавай дзяржаўнай палітыкай Максвы. За жудасную аперацыю ваявода Дзмітрый Валконскі атрымаў узнагароду ад цара -100 чэцей зямлі, што крыху больш за 50 га зямлі. Зразумела ж “годны вайсковец” пакінуў сябе адсотак з крадзяжоў.

Увогуле шукаць яднання ў гісторыі, раскідвацца словамі “брат” – справа няўдзячная, бо вядома наколькі ўсё гэтае “братэрства” намінальна. Няўжо забылі чаго каштавала братава ды нават бацькоўскае слова сярод князёў, людзей пры ўладзе. Колькі роднай крыві пускалі, калі зямлю дзялілі.

Ёсць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы, якія і трэба бараніць не роблячыся для кагосьці сястрой альбо пасынкам.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя