Гісторыя Расахацкай падпольнай групы на Тэрнопальшчыне



Пра антысавецкія выступы і праявы на тэрыторыі Беларусі пасляваеннага часу мы ведаем досыць мала. Яшчэ менш – пра такія падпольныя арганізацыі і рухі суседніх дзяржаў. Адна з такіх антысавецкіх суполак у 1970-ых існавала на тэрыторыі ўкраінскай Тэрнопальшчыны. Пра яе нам расказаў украінскі грамадскі дзеяч і публіцыст Уладзімір Ханас (Володимир Ханас):

На пачатку 1970-ых гадоў група юнакоў з сяла Расахач на Чорткаўшчыне (Тэрнопальская вобласць) утварыла падпольную арганізацыю, якая ўвайшла ў гісторыю як “Расахацкая група”. 5 лістапада 1972 года на лясной паляне сябры арганізацыі склалі прысягу, тэкст якой напісаў арганізатар групы Уладзімір Мармус (Володимир Мармус). Яе тэкст пачынаўся словамі: “Перад абразом Святой Багародзіцы, перад тварам сваіх таварышаў урачыста прысягаю верна служыць Украіне, змагацца за яе незалежнасць”. Прысягу прынялі дзесяцёра хлопцаў: Володимир і Микола Мармуси, Петро Вітів, Петро Винничук, Василь Лотоцький, Володимир Сеньків, Андрій Кравець, Микола Слободян, Микола Лисий і Степан Сапеляк.

У ноч на 22 студзеня 1973 года ў Чорткаве група правяла сваю першую рэзанансную акцыю: паставіла чатыры сіне-жоўтыя сцягі і развешала 19 улётак да 55-й гадавіны абвешчання Чацвёртага Універсалу Украінскай Цэнтральнай Рады ў Кіеве.

Ва ўлётцы гаварылася наступнае:

“Дарагія таварышы! Сёння мінае 55 гадоў з таго дня, калі ў Кіеве IV Універсалам Цэнтральнай Рады была абвешчана самастойнасць украінскай дзяржавы. Гэты гістарычны акт прадэманстраваў волю ўкраінскага народу, яго пракаветную прагу да незалежнасці. Супраць гэтага сённяшняя савецкая афіцыйная гістарыяграфія намагаецца паказаць гэтую падзею ў вачах нашага пакалення як антынародную. Гэтае грубае перакручванне гістарычнай праўды з абурэннем асуджае перадавая грамадскасць. Гэта асуджае кожны, каму дарагія інтарэсы нацыі.

Дарагія таварышы! Годна сустрэньма гэтую знамянальную дату, якая па праве лічыцца нашым нацыянальным святам!

Няхай жыве вольная Україна!”

Ужо 19 лютага 1973 года пачаліся арышты, а ў канц. 1973 года ў Тэрнопалі адбыўся закрыты суд. Паводле артыкулаў 62 (правядзенне антысавецкай агітацыі і прапаганды) і 64 (стварэнне антысавецкай арганізацыі) Крымінальнага Кодэксу УССР Уладзіміра Мармуса засудзілі да 6 гадоў калоніі строгага рэжыму і 5 гадоў высылкі, Міколу Мармуса і  Сцяпана Сапеляка – да 5 гадоў калоніі і 3 гадоў высылкі, Уладзіміра Сеньківа і Пятра Віннічука – да 4 гадоў калоніі і 3-х высылкі, Міколу Слабадзяна, Васіля Латоцкага і Андрэя Краўца – да 3 гадоў калоніі і 2-х – высылкі.

Іх лёс склаўся па рознаму, нехта ўжо ў лепшым свеце, нехта да апошняга перадаваў свой досвед змагання з камуністычнай імперыяй малодшаму пакаленню. Яны цікавыя суразмоўцы і кансультанты з-за сваёй легендарнасці.

На сустрэчы з удзельнікамі „Расахацкай групы”

Указам Прэзідэнта Украіны ад 18.08.2006 расахацкія змагары ўзнагароджаны ордэнам “За мужнасць” І ступені. Іх імёны выбіты на памятнай шыльдзе, адкрытай на памяшканні Чорткаўскай педвучэльні 26 студзеня 2012 года. Яны – героі кніг і кінафільмаў. Але, лічу, яны ўсё роўна недастаткова вядомыя і ў Украіне і ў свеце. Подзвіг украінскіх сцяганосцаў можа паслужыць маладым (і не толькі) беларусам, якія адбароняць сваё права на гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. Штучная забарона нацыянальнай сімволікі, арышты і рэпрэсіі за іх выкарыстанне непазбежна прывядуць да сакралізацыі і зробяць яе сімвалам незалежнасці і свабоды.

Уладзімір Ханас, Тэрнопаль, Украіна