Глыбоцкаму журналісту Змітру Лупачу прысуджаны штраф



1080 беларускіх рублёў – чарговы штраф атрымаў глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. 26 траўня суддзя Шаркоўшчынскага раённага суда Аксана Табола прысудзіла яму 40 базавых велічыняў па частцы 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Падставай стаў сюжэт пра каронавірус у Шаркоўшчыне.

Паводле Змітра Лупача, для яго рашэнне суда не было нечаканым, яму заставалася толькі гадаць, колькі базавых велічыняў штрафу прысудзяць на гэты раз:

– Я прыязджаў, пытаўся ў людзей пра сітуацыю з каронавірусам. Нічога ў гэтым супрацьзаконнага не бачу. Хацелася б адзначыць, кажуць, што Шаркоўшчына такі бедны раён, але міліцыянты таксама свой заробак дрэнна адпрацоўваюць. Яны толькі аднаго сведку апыталі, хаця людзей было больш. Не ведаю ці астатнія людзі не пагадзіліся ім гаварыць, ці яны так ужо абляніліся.

Як кажа сведка Сяргей Гарбачоў, ён ніколі б не падумаў, што выказванне на камеру пра каронавірус можа прывесці ў суд:

– Ён падышоў да мяне, я ўжо ў машыну сядаў. Прадставіўся, прозвішча я не памятаю, але што тэлебачанне „Белсат” – гэта я дакладна высветліў. Я ж не падумаў, што калі чалавек бярэ інтэрв’ю, то аказваецца злачынцам. Цуд які! Свабода слова, здаецца, у нас…

Пасля апытання сведкі суддзя прапанавала яму застацца ў залі суда, але ён з жартам сказаў, што калі тут застанецца, то і тады яго самога могуць пасадзіць. І пасля хутка рэціраваўся.

А Зміцер Лупач яшчэ будзе думаць, ці абскарджваць гэтае рашэнне суда, бо падобныя скаргі ў абласны суд звычайна не задавальняюцца.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя