Глыбоцкія ўлады раздаюць абяцанні людзям і не выконваюць іх



Так, жыхары вуліцы Маскоўскай і завулка Кірава незадаволеныя тым, што ў іх паздымалі платы і не паставілі новыя. Акрамя гэтага, каля некаторых двароў разраўнялі пясок, прывезены людзьмі для будаўніцтва, і павыразалі дрэвы на ўчастках.

Паводле жыхароў, яны доўга чакалі абяцанага, спадзяваліся, што да 600-годдзя Глыбокага ўсё ж паставяць платы. Але, лічаць, што іх проста падманулі:

– Казалі, што зробім, а ніякага адказу няма. Нічога не зрабілі да дня беларускай пісьменнасці, да Дня гораду – зноў няма. Ужо цярпенне лопнула. Абяцанага не дачакаліся мы, і пачалі звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.

– Нам сарвалі платы – варварскі сарвалі. Да свята пісьменнасці абяцалі паставіць новыя. Чаму яны сарвалі платы без узгаднення з жыхарамі?

– Яны матывуюць тым, што гэта іх плот. Але ж да гэтага стаялі нашы платы.

Як кажа прадстаўніца камунальнай службы Людміла Вашчонак, платы дзяржаўныя, і ніхто, нічога не абяцаў. Ніякіх платоў камунальнікі ставіць не будуць, няхай ставяць за свой кошт, сказала яна.

Няўжо дрэвы, пясок і платы перашкаджаюць адзначаць святы і прымаць высока-пастаўленых гасцей? – задаюцца пытаннем глыбачане.

Подпісы пад здымкі

  1. Агрэфіна Лабун, якой 86 год, усё ж спадзяецца дачакацца абяцанага і ажыццявіць сваю мару – памерці за новым плотам.
  2. Дом бабы Груні (Агрэфіны Лабун), які месціцца на скрыжаванні дзвюх вуліц
  3. Дамы па вуліцы Маскоўскай без агароджаў
  4. Каля гэтага дома на вуліцы Маскоўскай улады трактарам разраўнялі пясок , які маладая сям’я прывезла для будоўлі. Зараз маладыя людзі прывезлі яшчэ пяску, каб усё ж такі выканаць запланаваныя будаўнічыя працы.

 Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае