Глыбоцкую журналістку Таццяну Смоткіну будуць судзіць



Журналістка-фрылансер з Глыбокага Таццяна Смоткіна атрымала позву ў суд.

На журналістку завялі адміністрацыйную справу за матэрыял пра збор подпісаў за спыненне хуткаснага цягніка на прыпынку „Параф’янаў”. Яго Таццяна зрабіла для “Радыё Рацыя”. Беларуская чыгунка прыслухалася да пажаданняў грамадзянаў і цягнік пачаў спыняцца на прыпынку. А вось міліцыі не спадабалася з’яўленне матэрыялаў пра гэтую ініцыятыву ў незалежных СМІ.

 Адміністратыўны артыкул, па якім адбудзецца суд, не павінен закранаць фізічных асоб, кажа Таццяна Смоткіна:

—  Я сказала і ў міліцыі, што мы маем права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Штатным супрацоўнікам я не з’яўляюся, а з’яўляюся журналістам-фрылансерам, таму я  лічу, што  гэты артыкул нас не датычыць. Ён тычыцца юрыдычных асоб, а мы — фізічныя. Вось на гэтым я і буду будаваць сваю пазіцыю ў судзе. Прыпынак ужо ёсць, людзі задаволеныя і нам нават у міліцыі казалі, што вы добрую справу зрабілі для людзей.

Разгляд справы Таццяны Смоткінай адбудзецца ў Судзе Докшыцкага раёна 27-га снежня, а 10-й гадзіне.