Глыбоцкую журналістку выклікаюць у міліцыю



Незалежную журналістку-фрылансера з Глыбокага Таццяну Смоткіну 27-га красавіка выклікаюць на допыт у мясцовы РАУС.

Як распавяла журналістка, у позве пазначана, што ў дачыненні да яе вядзецца адміністрацыйны працэс, нібыта за тое, што яна дала каментар тэлеканалу „Белсат”:

– Сёння старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц прынёс мне позву. Ён сказаў: “Наконт вашага дома”. Я жыву ў шматкватэрным доме, у якім ужо амаль сорак год не рабіўся капрамонт. Мае калегі журналісты-фрылансеры зрабілі для тэлебачання “Белсат” сюжэт пра наш дом, што не робяць капітальны рамонт. Быццам некалькі год таму збіралі сход у жыллёва-камунальнай гаспадарцы і абяцалі зрабіць рамонт хоць часткова, пачалі мяняць стаякі і на гэтым усё скончылася.  

Як распавяла Таццяна Смоткіна, раней міліцыянты таксама апытвалі іншых жыхароў дома, якія давалі каментары “Белсату”.

Сюжэт быў апублікаваны ў інтэрнэце і карыстаўся папулярнасцю, што выклікала рэакцыю міліцыянтаў, мяркуе журналістка.

Як стала вядома, на допыт 27-га красавіка ў Глыбоцкі РАУС таксама выклікаюць журналіста-фрылансера Змітра Лупача. 

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Відэа belsat.eu