Год „хатняй хіміі” – за каментар «сцыкун ў пагонах»



У судзе Любанскага раёна 8 верасня паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса да аднаго года «хатняй хіміі» за каментар асудзілі 31-гадовага завадчаніна Эдуарда Бараздзіна. Справу разглядала суддзя Наталля Плешавеня, падтрымліваў дзяржабвінавачанне Лосік. Пад публікацыяй з рэзанансным Ганцавіцкім інцыдэнтам мінулым летам у Аднакласніках на старонцы Вольгі Карач жыхар Любані напісаў у дачыненні да супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча.

Пацярпелым па справе выступае Ігар Вольніч, але па сямейных абставінах і ў сувязі з далёкасцю пражывання ён не змог з’явіцца на суд – справу разгледзелі без яго.

Як высветлілася на працэсе, абвінавачаны пакінуў каментар у Аднакласніках пад выявай на старонцы Вольгі Карач. Малюнак, акрамя фота Вольніча, утрымліваў тэкст: „Гэта я спрытна прыціснуў да тратуара галаву мірнага дэманстранта падчас затрымання. Ігар Вольніч. Інспектар ДПС АДАІ РУУС горада Ганцавічы”. Пад выявай быў надпіс: „Давайце дапаможам яму стаць знакамітым на ўсю краіну”. Пад публікацыяй было 1788 каментароў.

Бараздзін напісаў каментар: «Сцыкун ў пагонах». На судзе ён віну прызнаў.

На працэсе абвінавачаны адказаў, што гэта выйшла нечакана: «сам ад сябе ў шоку». Бараздзін выказаў прабачэнні перад пацярпелым, хоць той не з’явіўся на суд. Ён распавёў, што 21 чэрвеня мінулага года ён быў на сайце „Аднакласнікі”. Калі гартаў стужку, то прамільгнула фота Вольніча ў форме інспектара ДАІ, на якім ён нагой стаў на галаву іншага чалавека.

«Адкрыў каментары, зайшоў, і, так атрымалася, што пракаментаваў», – сказаў Бараздзін.

На судзе зачыталі пратакол папярэдне следства ў частцы супярэчнасцяў. Па пратаколе 16 жніўня 2021 года абвінавачаны казаў:

„У гэты перыяд у Беларусі праводзілася перадвыбарчая кампанія па выбарах прэзідэнта рэспублікі. Я ў ліку іншага перачытваў і ролікі, звязаныя з гэтай тэматыкай. Тады ж у стужцы навін я ўбачыў фотавыяву, на якім быў захаваны супрацоўнік міліцыі”.

Вольніч хоць і не з’явіўся на суд, але заявіў пазоў аб маральнай кампенсацыі на суму 1500 рублёў. Абвінавачаны прызнаў пазоў.

Дзяржабвінаваўца папрасіў суд пакараць Бараздовіча „хатняй хіміяй” тэрмінам на адзін год. Менавіта такое пакаранне і прызначыў суд. Таксама суд пастанавіў спагнаць на карысць Вольніча грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. У Бараздзіна канфіскавалі ноўтбук як сродак здзяйснення злачынства.

spring96.org