Гомель далучыцца да глабальнай акцыі „Дзень Зямлі” 28 сакавіка



Мясцовыя ўлады пакуль што не вызначыліся з фарматам удзелу ў экалагічнай ініцыятыве, а грамадзянская супольнасць да адзначэння даты падрыхтавалася.

Каардынатар акцыі „Дзень Зямлі” па Беларусі Ганна Дапшэвічутэ распавядае пра асаблівасці акцыі ў Гомелі.

– У мінулым годзе падчас акцыі за адну гадзіну па ўсёй Беларусі нам удалося сэканоміць 95 тысяч кілават электраэнергіі. Каб было зразумела, гэта, напрыклад, 100 гадоў працы сярэдняга тэлевізара. Гэта сапраўды вельмі шмат. У Гомелі ў дзень акцыі будзе акустычны канцэрт пры свечках.

Журналіст інфармацыйнага парталу „Моцныя навіны” Іван Марозька разам з рэдакцыяй далучаюцца да ўдзелу ў акцыі „Дзень Зямлі”.

 – Мы будзем аказваць інфармацыйную падтрымку тым мерапрыемствам, якія будуць праходзіць. І прынялі рашэнне сімвалічна, каб падтрымаць сітуацыю, на гадзіну 28 сакавіка падчас акцыі выключым сайт. Гэта такое прагрэсіўнае мерапрыемства і трэба інфармаваць людзей пра гэта, каб больш людзей далучаць, каб Гомель паўдзельнічаў у гэтым міжнародным мерапрыемстве.

У мінулым годзе ў акцыі „Дзень Зямлі” у той ці іншай ступені паўдзельнічала каля 4 мільярдаў чалавек са 160 гарадоў свету. Як правіла, адміністрацыі гарадоў адключалі на адну гадзіну ілюмінацыю на самых знакамітых і пазнавальных архітэктурных аб’ектах.

Беларускае Радыё Рацыя