Гомель рыхтуецца да «Маршу недармаедаў»



Гомельскія дэмакратычныя сілы намераныя правесці „Марш недармаедаў – абураных беларусаў” 19 лютага. Адпаведную заяўку ў гарвыканкам на правядзенне масавага мерапрыемства накіравалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, аргкамітэта БХД і Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”. Сябра рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Алесь Яўсеенка сумняецца, што гомельскія ўлады дазволяць правядзенне масавага мерапрыемства.

– Было абвешчана ў Менску на 17 лютага “Шэсце незадаволеных беларусаў”. На нашым паседжанні было вырашана, што будзе падавацца заяўка ў гарвыканкам на 19 лютага. Розніца з той мэтай, што хтосьці, магчыма, пажадае ўзяць удзел у менскім шэсці, каб яны і ў гомельскім маршы маглі паўдзельнічаць. На жаль, досведу ў Гомеля за апошнія дзесяцігоддзі няма, каб наш гарвыканкам дазволіў такое мерапрыемства. Ну, а раптам добрыя перамены ў грамадстве на гарвыканкам паўплывалі.

Мэта „Маршу недармаедаў” – прыцягненне ўвагі да праблемы прымусовай працы і пераследу беспрацоўных грамадзянаў, дыскрымінацыйнага і антыканстытуцыйнага дэкрэту №3.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Мінск-навіны