Гомель рыхтуецца да прыезду Лукашэнкі і Парашэнкі



Гомель рыхтуецца да прыезду беларускага кіраўніка і ўкраінскага прэзідэнта. У аўральным парадку фарбуюцца дахі будынкаў і фасады дамоў у цэнтры горада.

На некаторых участках вуліцы Савецкай мяняюць асфальт, а на ходніках – плітку. Урбаніст Сяргей Ляпін крытычна ставіцца да такіх пераўтварэнняў:

– Праблема ў тым, што мы не бачым якасных зменаў. Тая ж плітка стала больш прыгожай, там з’явіўся арнамент, але ж яна не прадугледжвае, напрыклад, патрэбы людзей са слабым зрокам, што сёння з’яўляецца стандартам еўрапейскім. То бок тактыльнай пліткі там няма.

Эканаміст Аляксей Харкевіч падлічыў прыблізны кошт тратуарнай пліткі з арнаментам, якая ўкладаецца адмыслова да прыезду высокіх гасцей:

– Закуплена было 10 тыс. метраў квадратных пліткі. Адпаведна сума без уліку працы склала каля 100-110 тысяч беларускіх рублёў. Сума не такая крытычная у маштабах нашага горада.

Сярод новых аб’ектаў, якія з’явяцца ў горадзе з нагоды “Першага Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны”, –  грамадская прыбіральня на набярэжнай ракі Сож. Паводле каштарысаў, новы туалет будзе каштаваць каля 750 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота БелаПАН

[manual_related_posts]