Гомельскага журналіста Яўгена Меркіса пакаралі 5 базавымі штрафу



5 базавымі велічынямі штрафу пакаралі гомельскага журналіста Яўгена Меркіса. Суддзя Навабеліцкага раённага суда Сяргей Новікаў падтрымаў пазіцыю супрацоўнікаў АМАП, якія сведчылі пра тое, што журналіст „сам з сабой лаяўся матам”.

Яўген Меркіс па вынясенні судовага рашэння заўважыў, што ўлада такімі дзеяннямі распісваецца ў сваёй бездапаможнасці вырашыць эканамічныя і сацыяльныя праблемы народа.

— Нібыта я ў публічным месцы, чалавек з вышэйшай адукацыяй, беларускамоўны, раптам перайшоў на расейскую мову, каб лаяцца пры дзецях. Мне гэта не ўласціва, але пра гэта сведчылі адразу 2 супрацоўнікі гомельскага АМАП. Гомельскія ўлады былі занепакоеныя тым, што я меў весці анлайн-трансляцыю з акцыі 1 траўня, і таму мяне вырашылі такім чынам прыбраць з дарогі.

Яўгена Меркіса затрымалі 30 красавіка непадалёку ад дому. Паколькі затрыманне прыпала на выходныя дні, то журналіст правёў 2 сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель