Гомельская міліцыя будзе шукаць Грасю Новак



Пад такім нікам хаваецца невядомы паклёпнік, які ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» змяшчае непраўдзівыя звесткі пра гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку. Палкоўнік міліцыі Яўген Красноў адмяніў пастанову ўчастковага міліцыянера Мікалая Огнева аб спыненні адміністрацыйнай справы. Леанід Судаленка перакананы, што фэйкавы акаўнт Грасі Новак выкарыстоўвае журналіст «Беларускай вайсковай газеты» Уладзімір Кажэўнікаў.

—  Ён у сацыяльных сетках паствараў фейкавыя сацыяльныя старонкі. Ён назваўся Грасяй Новак, 1990 года нараджэння, якая жыве ў Варшаве, але мова расейская. І ад імя гэтай Грасі Новак ён зноў жа пачаў называць мяне «хворым», «параноікам», кажа пра тое, што ён атрымаў з гомельскага псіхіятрычнага шпіталя дакумент пра тое, што я стаю там на ўліку. Калі ён дзейнічае самастойна, без задання спецслужбаў, дык вядома, яго прыцягнуць да адказнасці.

2 чэрвеня ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» ананімны карыстальнік пад нікам «Грася Новак» размясціў абразлівую інфармацыю пра Леаніда Судаленку. Згодна гэтаму паведамленню, праваабаронца нібыта пакутуе на «суцяжны сіндром», што зрабіла яго кліентам абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. Леанід Судаленка бачыць у такіх дзеяннях прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, просіць вызначыць ІР-адрас і ўсталяваць асобу паклёпніка.

Беларускае Радыё Рацыя