Гомельскі аблсуд пакінуў у сіле два рашэнні аб арышце Анастасіі Перавошчыкавай



Гомельскі абласны суд 19 сакавіка не задаволіў скаргі адваката Анастасіі Перавошчыкавай на два яе 15-сутачныя арышты.

30-гадовая Перавошчыкава, лекар па адукацыі, прызнаная палітычнай зняволенай. Яе судзілі сем разоў, і кожны раз давалі па 15 сутак (у агульнай складанасці 105 сутак). У ізалятары часовага ўтрымання яна знаходзіцца з канца студзеня. 6 лютага жыхарка Гомеля выйшла на волю пасля 15-сутачнага арышту, а 8 лютага зноў была затрыманая. Пасля яе вывозілі з ізалятара на суды і давалі па 15 сутак арышту нібыта за ўдзел у пікетах.

Як паведамілі БелаПАН валанцёры, суддзя аблсуда Васіль Бягун пакінуў у сіле дзве пастановы суда Навабеліцкага раёна (кожная — аб арышце на 15 сутак).

У судзе выступала адвакат Перавошчыкавай Вольга Кабякова. Яна заявіла, што лічыць пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнага арышту незаконнай, неабгрунтаванай і што яе трэба скасаваць, бо не былі здабытыя аб’ектыўныя доказы віны падабароннай.

Перавошчыкава абвінавачвалася ў тым, што брала ўдзел у пікетах 25 снежня 2020 года і 2 студзеня 2021-га. Аднак сведка выказала сумнеў, што ў пікеце ўдзельнічала менавіта Перавошчыкава, а на фатаграфіі ёсць толькі бел-чырвона-белы сцяг і плакаты. Асоб удзельнікаў пікету там не відаць.

Сама Перавошчыкава сцвярджала, што не магла 25 снежня ўдзельнічаць у пікеце, бо святкавала з маці і дзядулем Божае Нараджэнне, а 2 студзеня быў дзень нараджэння ў маці.

Суддзя Бягун адхіліў абедзве скаргі і пакінуў у сіле пастановы судоў.

Цяпер Анастасія Перавошчыкава знаходзіцца ў ІЧУ Буда-Кашалёва. Да яе не даходзяць лісты, у маці прымаюць не ўсе прадукты і рэчы, якія яна спрабуе перадаць дачцэ.

Раней маці Перавошчыкавай распавядала журналістам, што супрацоўнік Навабеліцкага РАУС заявіў ёй: „няма на каго вешаць пікеты”, таму будзе сядзець Перавошчыкава.

belapan.by