Гомельскі аблсуд пакінуў у сіле вырак блогеру Сяргею Ціханоўскаму



Блогер Сяргей Ціханоўскі не здолеў абскардзіць рашэнне суда Савецкага раёна Гомеля аб арышце за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі 21 снежня.

Суддзя Гомельскага абласнога суда Васіль Бягун не ўбачыў падставаў, каб пераглядзець вырак ніжэйшай судовай інстанцыі. У сваёй прамове стваральнік ютуб-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі зазначыў, што абарона незалежнасці дзяржавы – канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна, які стаіць вышэй законаў, якія абмяжоўваюць права чалавека на ўдзел у мірных сходах.

– Маленькі шанец быў, што правасуддзе будзе непрадузятым і сумленным, што будуць судзіць па закону. Але па закону не судзяць. Мы прадставілі ўсе доказы, што абарона суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь – гэта канстытуцыйны абавязак грамадзяніна, і прымяняць нейкія нормы закона, які мае меншую юрыдычную сілу, – неправамерна.

Пенсіянер Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімір Няпомняшчых прыйшоў на суд, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага.

– Я ведаў загадзя рашэнне, што ўсё застанецца ў сіле, па адной простай прычыне, бо я неаднойчы прысутнічаў на судах – і на чужах, і на сваіх. І абласны суд заўсёды падтрымлівае рашэнні раённых судоў. Уся праблема ў нас у тым, што суддзі не выбіраюцца, а прызначаюцца ўладай.

Гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі стаў вядомым дзякуючы рэзанансным відэаматэрыялам на сацыяльную і палітычную тэматыку. У снежні 2019 года ён прысутнічаў на некалькіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з РФ, дзе займаўся асвятленнем мерапрыемстваў. У сукупнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях быў асуджаны на 30 сутак арышту, з якіх адбыў палову тэрміна.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]