Гомельскі школьнік падазраецца ў забойстве мужчыны



Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці распачата справа ў дачыненні да 16-гадовага навучэнца адной са школ Гомеля па ч. 1 арт. 139 (забойства) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Падлетак падазраецца ў забойстве 24-гадовага мужчыны, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Паводле яе слоў, пры правядзенні першапачатковых следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што ў ноч на нядзелю, 2 ліпеня, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, падазраваны пранік у інтэрнат на вуліцы Уладзімірава ў Гомелі, увайшоў у незачынены пакой і нанёс незнаёмаму мужчыну ўдары нажом. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелы памёр на месцы здарэння. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі падазраванага па гарачых слядах.

„З удзелам падазраванага праведзены шэраг следчых дзеянняў, у тым ліку праверка паказанняў на месцы здарэння з прымяненнем відэазапісу. Дапытваюцца сведкі, збіраецца матэрыял, які характарызуе падазраванага і яго бацькоў. Вырашаецца пытанне аб выстаўленні падлетку абвінавачання і прымяненні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”, — дадала прадстаўнік УСК.

Устаноўлена, што падазраваны выхоўваўся ў няпоўнай сям’і, бо маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Бацька падлетка прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні сына. Сям’я стаіць на ўнутрышкольным уліку, паколькі знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Падлетак стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Следчыя высвятляюць матыў і акалічнасці ўчыненага злачынства.

Фота sk.gov.by