Гомельскі Свята-Мікольскі манастыр далучыўся да “Фэсту экскурсаводаў”



Азнаямляльную вандроўку па тэрыторыі мужчынскай абіцелі правёў архімандрыт Сава Мажука. Святар распавёў некалькім дзясяткам гомельцаў пра гісторыю стварэння храма і пра яго функцыянаванне ў гады ганенняў на царкву. Асобным пунктам экскурсіі быў расповед архімандрыта Савы Мажука пра рэпрэсаваных настаяцеляў царквы.

Храм быў закрыты ў канцы 1929 года. У 1904 годзе адкрылі, у 1929 – закрылі і перадалі школе, прыстасавалі храм пад спартыўную залу. Усе настаяцелі за гэтыя 25 гадоў, што служылі, былі расстраляныя ў адну ноч.

Рэгіянальны каардынатар “Фэсту экскурсаводаў” Яўген Меркіс вельмі ўдзячны манахам Свята-Мікольскага манастыра, якія адчынілі браму абіцелі для ўсіх цікаўных.

– У манастыры, у гэтай царкве, куды я, у прынцыпе, хаджу з дзяцінства, вельмі прыгожы будынак пачатку ХХ стагоддзя. І я вельмі рады таму, што дзякуючы “Фэсту экскурсаводаў” і добраму стаўленню мясцовых манахаў і кіраўнікоў манастыра ўдалося ўсім сюды патрапіць і паслухаць цікавую гісторыю.

Свята-Мікольскі храм у Гомелі быў пабудаваны ў 1904 годзе на сродкі служачых Палескай чыгункі. У 1929 годзе царква была закрытая па патрабаванні камуністычных уладаў. Рэгулярныя набажэнствы аднавіліся па заканчэнні ІІ Сусветнай вайны. У 1995 годзе на тэрыторыі царквы пачаў дзейнічаць мужчынскі праваслаўны манастыр.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель