Гомельскія актывісты: Улетку чакаецца істотны спад грамадскай актыўнасці



Лета 2017 года ў грамадска-палітычным плане будзе мёртвым сезонам. – Так лічыць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Паводле палітыка, на дадзены момант няма прычын, якія б паштурхнулі беларусаў да актыўнасці.

– Грамадства вырашыла сваю праблему з дэкрэтам №3. З большага вырашыла. Таму зараз няма такога раздражняльніка, які падштурхоўваў бы людзей да пэўнай актыўнасці. Тым больш, што папярэднія два гады на лета прыпадалі палітычныя кампаніі, таму актывісты будуць больш нацэлены на тое, каб адпачыць, тым больш што восенню стартуе ўжо мясцовая кампанія.

Актывістка незалежнага прафсаюза РЭП Яўгенія Стрыжак мяркуе, што новую хвалю пратэстаў варта чакаць увосень.

– Улетку мы можам адпачываць, бо лета – гэта час вакацыяў, а вось увосень, калі прыйдуць новыя рахункі за камуналку з ацяпленнем і іншымі выдаткамі, калі зноў падвысяцца кошты, тады будзе новая хваля пратэстаў, ці прынамсі незадаволенасці людзей. А ўлетку мы будзем адпачываць на лецішчах.

З лютага па красавік 2017 года ў многіх гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць дэкрэта “Аб сацыяльным утрыманстве”.

Беларускае Радыё Рацыя