Гомельскія дэмакратычныя актывісты не змаглі абскардзіць арыштаў у абласным судзе



Суддзя Мікалай Бакуноў пакінуў у сіле рашэнні суда Савецкага раёна ў дачыненні да некалькіх апазіцыянераў, затрыманых напярэдадні 25 сакавіка гэтага года. Журналіст-фрылансер Андрэй Толчын не змог давесці незаконнасці арышту.

— Мяне судзілі за тое, што я зрабіў перапост рашэння па правядзенні масавага мерапрыемства ў Гомелі. За гэта я атрымаў 8 сутак. Цяпер я абскарджваю гэта ў абласным судзе, але суд пакінуў без зменаў. Я і разумеў, што так яно і адбудзецца, бо ў нас судовай сістэмы, у нас ёсць прыватная ўласнасць на ўладу.

Праваабаронца Алесь Яўсеянка перакананы ў неабходнасці зваротаў у судовыя інстанцыі Беларусі, нават калі разлічваць на аб’ектыўны разгляд справы не выпадае.

— Каб мы гэтага не пісалі, мы б не ведалі і толькі на пальцах, галаслоўна, маглі б гаварыць, што суды несправядлівыя, што законы не дзейнічаюць. А так, мы маем факт судовай пастановы па кожнай справе, якая сведчыць пра парушэнне правоў грамадзян у нашай краіне.

Гомельскія апазіцыянеры, калі не змогуць абараніць свае правы ў Беларусі, намераныя звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель