Горад майстроў на Фэсце нацыянальных культур
У Гародні распачаў працу ХІІ Фэст нацыянальных культур. На фэст, які будзе ў горадзе тры дні, прыехалі прадстаўнікі больш трох дзясяткаў розных нацыянальнасцяў. Першы дзень фэсту адзначыўся вялікім вулічным гандлем, які мае назву “Горад майстроў”.
Гандляваць у Гародню прыехалі майстры з усёй Беларусі.
– Рады гэтаму шчыраму добраму святу. Мы заўсёды імкнёмся сюды прыехаць. Гэта падняпроўская, народная, традыцыйная, гліняная цацка-свістулька. Такія рабілі яшчэ амаль у старызну плямёны радзімічаў і смаленскіх крывічоў, якія жылі ў вярхоўі Дняпра.
– Мы прыехалі з Менска, прывезлі магніты – тэматычныя, гістарычныя. Прадаюцца слаба, але людзі цікавяцца, ім падабаецца. Хіба што пакуль гуляць, прыглядаюцца, а пасля вернуцца.
Але на свяце майстроў у Гародні адбылася і непрыемная сітуацыя. Частку гарадзенскіх майстроў адправілі на “выселкі”, ім выдзелілі пляцоўку на вуліцы Маставой, дзе амаль не ходзяць жыхары Гародні і госці горада.
– Выправілі на «выселкі». Патрабуюць 40 рублёў. А за што плаціць? Яшчэ ніякага продажу не было. Несправядліва. Там паставілі ўкраінцаў незразумела якім чынам, а мы – свае, мясцовыя, з Гарадзенскай вобласці – не маем права стаяць побач з імі. Так атрымліваецца?
– У нас атрымаўся ці то апендыкс майстроў, ці то востраў майстроў, бо нас выслалі ў месца, дзе мала ходзіць людзей, дзе будзе праблема з пагрузкай нашых вырабаў, калі будзем выязджаць.
Цягам першага дня лета падчас фэсту адбудзецца парад нацыянальнасцяў, феерверк, выступ гурта “Песняры” і канцэрт на Савецкай плошчы.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
