Горацкі райвыканкам прапанаваў правесці дзень бясплатнай працы



Горацкі райвыканкам парэкамендаваў кіраўнікам арганізацый горада і раёна 29 лютага правесці дзень бясплатнай працы. Такая інфармацыя з’явілася на сайце выканкама. Заробленыя ў гэты дзень грошы чыноўнікі просяць перавесці на рахунак райвыканкама. 

Як паведамляюць раённыя ўлады, грошы патрэбныя на ўпарадкаванне вёсак і саміх Горак перад раённымі „Дажынкамі-2020”.

„Усё б нічога, калі б нам не раздалі бланкі заявы, у якіх пазначана, што работнік сам просіць утрымаць з яго за люты аднадзённы сярэднямесячны заробак. Але ж гэта нават не рэспубліканскі суботнік! Чаму менавіта ў Горках людзі павінны плаціць? Кіраўніцтва растлумачыла паборы тым, што патрэбныя грошы на „Дажынкі” ў 2020 годзе. Калі шчыра, мы не ў захапленні ад гэтай ідэі”, — распавёў парталу TUT.by адзін з работнікаў бюджэтнай арганізацыі Горак.

У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама журналістам заявілі, што пераводзіць грошы на рахунак ніхто не прымушае — гэта, маўляў, добраахвотнае ахвяраванне.

Фота tut.by