Грамадская актывістка: Нарэшце мне дазволілі прысутнічаць на сесіях раённых дэпутатаў



Сябра грамадскай арганізацыі “За свой горад” Таццяна Тарасевіч з Бярозы атрымала адказ з Берасцейскага абласнога савета, што можа прысутнічаць на сесіях раённых дэпутатаў. Яна лічыць, што гэта вынік яе скаргаў і скаргаў арганізацыі ў райсавет і Бярозаўскую пракуратуру, кажа Таццяна Тарасевіч:

– Я атрымала афіцыйны адказ, што мне дазволена прысутнічаць на сесіі ў красавіку. Калі яна будзе, пакуль невядома.

Таццяна Тарасевіч і кіраўнік арганізацыі “За свой горад” Ігар Маслоўскі абскарджвалі забарону прысутнасці на сесіях у канцы снежня і напачатку сакавіка. З адказа з абласнога савета вынікае, што не пусцілі Тарасевіч на сесію законна, бо яна была пазачарговай. Гаворыць Ігар Маслоўскі:

– У адпаведнасці з законам аб мясцовым самакіраванні, любая сесія – чарговая, пазачарговая праводзіцца адкрыта і галосна.

Паводле актывістаў, забарона прысутнічаць падчас працы народных абраннікаў абсалютна незаконна. Таму яны намераны далей абскарджваць былую адмову.

Беларускае Радыё Рацыя