Грамадства мае права на інфармацыю пра падзеі ў Курапатах, — заява ГА “БАЖ”



4 красавіка ў  Курапатах — месцы расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій — супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгасу пачалі дэмантаж крыжоў, усталяваных прадстаўнікамі грамадскасці.

Урочышча Курапаты было ачэпленае міліцыяй. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў актыўна перашкаджалі прадстаўнікам СМІ асвятляць падзеі, пагражалі затрыманнем, хапалі за рукі і выбівалі з рук камеры ў фотакарэспандэнтаў.

Таксама службовыя асобы Менскай вобласці адмовіліся прадаставіць журналістам інфармацыю пра тое, што за працы праводзяцца ў Курапатах.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае рашучы пратэст супраць парушэння заканадаўства. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб СМІ” гарантуе прадстаўнікам медыя права прысутнічаць у месцах грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю (арт. 34).

Таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртае ўвагу на тое, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя (арт. 34).

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” настойвае: грамадства мае права ведаць дакладную і своечасовую інфармацыю пра працы ў Курапатах.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, 4 красавіка 2019 г.

 Фота svaboda.org