“Гродна Азот” будзе пастаўляць медыцынскі кісларод у бальніцы
Тэхнічны вадкі і газападобны кісларод, які адпавядае па паказчыках якасці медыцынскаму, будуць адгружаць ва ўстановы аховы здароўя, піша карпаратыўнае выданне прадпрыемства “Гродзенскі хімік”. Такім чынам прадпрыемства будзе перакрываць патрэбы бальніц вобласці ў кіслародзе ва ўмовах барацьбы з COVID-19. Таксама кісларод, адпаведны медыцынскаму, будуць рабіць на “Светлагорск Хімвалакно” і “Нафтане”. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Крыён” Андрэй Міткалёў, паведамляе БЕЛТА. Прадпрыемства “Крыён” — асноўная крыніца медыцынскага кіслароду ў Беларусі. Штодзённа яно адгружае ўстановам аховы здароўя 200 тон кіслароду. Магутнасці па выпрацоўцы кіслароду загружаны на 100%. Таксама пастаянна выпрацоўвае кісларод Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
