“Гродзенская праўда” з Каранікам і Караевым
Абласная газета “Гродзенская праўда” павінна быць адной з самых цікавых і разнастайных газет Гарадзеншчыны, якой яна была, напрыклад, калі рэдактарам быў Іосіф Багіна. Газета павінна выхоўваць моладзь, як гэтага сёння патрабуюць улады, у патрыятычным накірунку, а таксама друкаваць на сваіх старонках пісьмы чытачоў, якія павінна распавядаць пра свае радасці і клопаты, поспехі і адкрыцці, вырашаць праблемы людзей Гарадзеншчыны.
Але на старонках газеты даўно зніклі літаратурная старонка, гістарычная старонка, старонка для работнікаў культуры, старонка пісем чытачоў, сатырычныя старонкі… Адсутнічаюць на старонках “Гродзенскай праўды” цікавыя гутаркі са знакамітымі гарадзенцамі – пісьменнікамі, бібліятэкарамі, артыстамі, мастакамі, педагогамі, краязнаўцамі, архівістамі, гісторыкамі і г.д. Газета заўсёды павінна адзначаць юбілеі вялікіх асобаў зямлі Прынёмання змястоўнымі артыкуламі, успамінамі і фотарэпартажамі.
Але ўсіх іх і нас сёння на старонках абласной газеты замяняюць старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і інспектар па Гарадзенскай вобласці генерал-лейтэнант Юрый Караеў. Гэтыя дзве асобы сёння “зоркі” Гарадзеншчыны. Не верыце?!.. Дык вось прыклад. Толькі за сакавік “Гродзенская праўда” надрукавала 19 фотаздымкаў з Каранікам і 9 фотаздымкаў з Караевым. Іх партрэты заўсёды друкуюцца на 2-3 старонках, не кажучы пра тэксты пра іх і іх выказванні. Нават пры Сталіну столькі партрэтаў яго не друкавалі… Заўважце, што гэта не прыватная газета Караніка і Караева, а Гарадзенская абласная газета.
Вольга Мароз, Беларускае Радыё Рацыя
