“Грунвальд – гэта шакалад?” – Апытанне на вуліцах Гомеля
15 ліпеня спаўняецца 604 гады Грунвальдскай бітве. Аднак большасць гомельцаў нічога не ведае пра дадзеную гістарычную падзею. Як паказала апытанка, зладжаная на вуліцах абласнога цэнтра, толькі адзінкі чыталі пра Грунвальдскую бітву.
Карэспандэнт: Як вы думаеце, што такое Грунвальд?
Пенсіянерка:
– Не ведаю, я такіх словаў не ведаю.
Жанчына:
– Ай, я не памятаю. У мяне галава баліць, я нічога не памятаю.
Дзяўчына:
– Не маю ўяўлення. Можа, шакалад які.
Карэспандэнт: А гістарычная падзея?
Дзяўчына:
– А-а-а. Не, нічога на розум не прыходзіць. Я ў гісторыі не вельмі сільная.
Мужчына:
– Ну, там штосьці рыцары-тэўтоны з кімсьці біліся. Але доўга яны біліся. Я не памятаю ўжо дакладна. Там жа гэтыя яшчэ былі… Ну, князі беларускія, літоўскія… Радзівілы.
Жанчына:
–Грунвальд? Не, не ведаю, што гэта такое. Штосьці, відаць, з гісторыяй слабавата.
Мужчына:
– Сёння ў Інтэрнэце чытаў. Бітва супраць крыжакоў.
Пенсіянерка:
– Не ведаю такой бітвы.
Журналістка Алена Германовіч лічыць, што гомельцы маюць слабае ўяўленне пра Грунвальдскую бітву з-за недастатковых гістарычных ведаў.
Алёна Германовіч:
– Выкладанне гісторыі ў школе зведзенае да мінімуму. Гісторыя Беларусі выкладаецца па-руску. Да таго ж, на гэты прадмет выдаткавана вельмі мала гадзінаў. Там усё выкладаецца (як да прыкладу, у майго сына ў 9 класе) павярхоўна, галопам па Еўропе. Больш у межах выкладання сусветнай гісторыі нешта ўзгадваецца. Але асноўны націск ставіцца на тое, што Беларусь – гэта маладая дзяржава, якая ўдзельнічала ў пераможнай Вялікай айчыннай вайне, мае толькі 20 гадоў сваёй гісторыі і больш нічога.
Грунвальдская бітва адбылася 15 ліпеня 1410 годзе непадалёк ад вёсак Грунвальд, Таненберг і Ладвігова. Яна лічыцца найбуйнейшай у гісторыі Сярэднявечнай Еўропы і разглядаецца як найважнейшая перамога для ВКЛ.
Беларускае Радыё Рацыя
