Група гамяльчан шляхам махінацый завалодала 16 кватэрамі



Група жыхароў Гомеля шляхам махінацый завалодала 16 кватэрамі ў абласным цэнтры, Веткаўскім, Буда-Кашалёўскім і Гомельскім раёнах.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, шкода склала 400 тысяч рублёў. На момант заканчэння следства гэтая сума кампенсаваная практычна цалкам.

Згодна са звесткамі следства, жыхар Гомеля 1973 года нараджэння распрацаваў механізм здзяйснення крадзяжоў маёмасці і грошай пад выглядам грамадзянска-прававых здзелак, стварыў і ўзначаліў арганізаваную групу. У розны час у яе ўваходзілі двое мужчын 1981 і 1978 гадоў нараджэння і дзве жанчыны 1969 і 1971 гадоў нараджэння.

З 2010 па 2015 гады ўдзельнікі групы знаходзілі кватэры, уласнікі або наймальнікі якіх памерлі і не маюць спадчыннікаў альбо доўга не жылі ў іх, а таксама асоб з ліку непрацоўных, што злоўжываюць спіртнымі напоямі, маюць запазычанасці па камунальных паслугах і не маюць сродкаў на іх аплату. Шляхам падману і выкарыстання падробленых дакументаў альбо пад рознымі падставамі яны схілялі названых асоб прадаць іх жыллё з набыццём жылля меншай плошчы на выгадных умовах, загадзя не маючы намеру выконваць узятыя на сябе абавязацельствы.

У выпадку, калі ўласнікі аб’ектаў нерухомасці адсутнічалі, зламыснік шляхам вырабу і выкарыстання заведама фальшывых натарыяльных дакументаў арганізоўваў схемы па завалоданні гэтымі аб’ектамі нерухомасці, звязаныя з уступленнем у спадчыну падстаўных асоб, па прыватызацыі і далейшым продажы, атрыманні ўдзельнікамі арганізаванай групы грошай.

У 2012 годзе абвінавачаныя завалодалі кватэрай памерлага гамяльчаніна, якая павінна была перайсці ва ўласнасць дзяржавы. Уладальнік кватэры не меў нашчадкаў. Шляхам падману работнікаў натарыяльных кантор і агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі зламыснікі атрымалі пасведчанне аб праве на спадчыну i пасведчанне аб рэгістрацыі, пасля чаго прадалі кватэру.

Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя следствам як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, махлярства, здзейсненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, і крадзеж.

Крымінальная справа вывучаная пракурорам і накіраваная для разгляду ў суд.

Найбліжэйшым часам перад судом паўстануць арганізатар групы і два саўдзельнікі — мужчына 1978 года нараджэння і жанчына 1971 года нараджэння. Другая ўдзельніца групы памерла да трапляння фігурантаў у поле зроку праваахоўнікаў. Яшчэ адзін абвінавачаны знаходзіцца ў вышуку.