Групу пенсіянераў затрымалі на чыгуначнай станцыі Мінск-Паўночны



Паводле інфармацыі праваабаронцаў, раніцай 26 лютага на чыгуначнай станцыі Мінск-Паўночны людзі ў цывільным адзенні затрымалі групу пенсіянераў.

„Сёння ў 10.45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі Мінск-Паўночны была затрыманая група пенсіянераў, — гаворыцца ў паведамленні на праваабарончым сайце spring96.org. — Затрымлівалі людзі ў цывільным. Паводле слоў відавочцы, затрымалі восем чалавек. Яны ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводскае і Партызанскае РУУС”.

Праваабаронцам удалося высветліць імёны некаторых затрыманых: Наталля Іванісава (1946), Святлана Лазебнікава (1961), Ірына Новік (1961) і Галіна Гулянкова.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”, Лазебнікава і Новік былі дастаўленыя ў Партызанскае РУУС Мінска, Іванісава — у Заводскае. Усяго ў паведамленні згаданага тэлеграм-канала фігуруюць імёны 13 чалавек, затрыманых 26 лютага.

belapan.by

Фота: railwayz.info