Грузіны дагэтуль узносяць тосты за Леха Качыньскага



Грузіны дагэтуль узносяць тосты за Польшчу і Качыньскага, а прэзідэнт быў вымушаны заплаціць вялікі кошт за сваю антыімперскую палітыку. На мінулым тыдні ў Варшаве адбыўся адмысловы паказ фільма „Сяброўства ў ценю Крамля. Сёння Грузія”. На імпрэзе прысутнічалі героі дакументальнага фільма. Сярод іх палякі, якія дапамагалі Грузіі, а таксама Экатарына Бэруашвілі – дзяўчына, якая была вымушана пакінуць родную вёску з-за вайны.

Рэжысёры фільма запэўніваюць, што менавіта Лех Качыньскі стрымаў акупацыю Грузіі, неадкладна прыляцеўшы з чатырма прэзідэнтамі на мітынг у Тбілісі падчас наступу расейскіх войскаў.

Тым часам, Захад не зрабіў з расейска-грузінскай вайны ніякіх высноў.

Войцех Яхымяк, суаўтар фільма: Цыкл фільмаў нагадвае сказ Леха Качыньскага: „Сёння Грузія, заўтра – Украіна”. Фільм распавядае пра дыпламатычнае ўмяшальніцтва нашага прэзідэнта ў Грузіі, калі Расея напала і хацела зрабіць з Грузіі залежную дзяржаву. І тады Лех Качыньскі адрэагаваў. Заходняя Еўропа адвярнулася спіной ад Грузіі, якая апынулася ў патрэбе. Амерыка ў пэўны спосаб была звязаная з місіяй Леха Качыньскага, але не хацела непасрэдна ўмешвацца.

Малгажата Гасеўска разам з былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам, які наведаў паказ фільма.

Адным з герояў у фільме выступіла Малгажата Гасеўска – дэпутат Сейма, вядомая сваім моцнай адданасцю ў барацьбе за правы чалавека. У 2008 палітык асабіста прывозіла пацярпелым гуманітарную дапамогу.

Сапраўды, я выступаю ў гэтым фільме, як адна з мноства асобаў, якія былі заангажаваныя ў дапамогу Грузіі. Гэта вельмі важны дакументальны фільм, які паказвае сапраўдную пуцінскую Расею, якой яна з’яўляецца пагрозай для нас, для Еўропы, і як вельмі сур’ёзна трэба да гэтай пагрозы ставіцца. На жаль, пасля Грузіі ўсё гэта залагодзілі і забылі. Лічу, што Грузія была тэстам для Еўропы, які яна як і ўвесь свет не здала.

Словы прэзідэнта з мітынгу ў Тбілісі сталіся падмуркам аповеду гэтага фільму. Але за гэтыя словы, за гэты выезд у Тбілісі спадар прэзідэнт вельмі моцна заплаціў. Заплаціў найвышэйшую цану – смерць. Фільм паказвае, што Смаленск неразрыўна звязаны з палітыкай Леха Качыньскага і яго прысутнасці ў Грузіі.

Экатарына Бэруашвілі

Экатарына Бэруашвілі была вымушана пакінуць родную вёску ў жніўні 2008 года. Пасля вайны, дзякуючы дапамозе Малгажаты Гасеўскай, дзяўчына прайшла лекаванне ў Польшчы, дзе знайшла сваю другую Айчыну. Адначасова Экатарына не губляе надзеі вярнуцца ў родныя мясціны:

Я перажыла гэтую 5-дзённую вайну. Я паходжу з вёскі Эрэдві, якая знаходзіцца ў 3 км ад Цхінвалі. Я памятаю першы дзень вайны. Спала ў той час, калі пачалося бамбардаванне, стрэлы… Памятаю, як усе ўсё пакінулі, сем’і выехалі. Мы прыехалі ў Горы, а потым у Тбілісі. Памятаю гэты знакаміты выступ прэзідэнта Леха Качыньскага.

РР: Кім для грузінаў з’яўляецца Лех Качыньскі?

Экатарына Бэруашвілі: Вялікім чалавекам, які ўратаваў Грузію. Ведаеце, у Грузіі ёсць традыцыя тостаў. Адзін з такіх тостаў, сама не раз была сведкам, узносяць за Польшчу і Леха Качыньскага. Грузіны ўдзячныя за тое, што светлай памяці Лех Качыньскі зрабіў для нашай краіны.

Дарыюш Багаткевіч

Яшчэ адзін паляк, які таксама з’яўляецца героем дакументальным фільме – Дарыюш Багаткевіч – карэспандэнт Польскага тэлебачання на расейска-грузінскай вайне. Продкі спадара Дарыюша паходзяць з Віленшчыны, таму ён вельмі прыязна ставіцца да беларусаў, і выдатна разумее ўсю небяспеку расейскага імперыялізму. Да таго ж, падчас працы ў 2008 журналіст трапіў у палон да расейскіх вайскоўцаў. Дарыюш Багаткевіч зазначае – заходняе грамадства дагэтуль не асэнсавала, чым з’яўляецца пуцінская Расея:

Спачатку была Грузія, потым – анексія Крыму, потым напад на Данбас. Некалькі дзён таму я ездзіў у Францыю і Італію, і мясцовыя журналісты, навукоўцы, людзі, якія займаюцца геапалітыкай пыталі мяне: „Чаму твая краіна, Польшча, умешваецца ў справы ва Украіне? Гэта ж унутраныя справы Расеі!”. На жаль, людзі на Захадзе Еўропы не разумеюць. Да іх даходзіць толькі адна „праўда” – „праўда”, высланая Крамлём. А як ведаем, расейцы – чэмпіёны свету ў справе прапаганды.

Фільм „Сяброўства ў ценю Крамля. Сёння Грузія” з’яўляецца першай часткай цыклу.

Другая серыя прысвечаная расейскім ваенным злачынствам на Данбасе і завецца „Сяброўства ў ценю Крамля. Заўтра Украіна„.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава