У Менску будуць пікетаваць за адстаўку Валянціна Сукалы



Заяўку на правядзенне ў цэнтры Менску пікету падала актывістка грамадскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Валянціна Каваленка.

Валянцін Сукала

Мерапрыемства павінна адбыцца 16 жніўня, у дзень 75-годдзя кіраўніка Вярхоўнага суда Беларусі Валянціна Сукалы.

„Удзельнікі пікету маюць намер патрабаваць яго адстаўкі”,- кажа актывістка з Бабруйску Валянціна Каваленка:

– Мэта пікетавання данесці да прэзідэнта, грамадства нашай краіны пра сітуацыю, якая склалася ў судах Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам старшыні Вярхоўнага суда. Пікетаванне запланавана ў цэнтры горада да 10 чалавек. У нас будзе плакат: „Старшыню Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Сукалу ў адстаўку!”.

„Мы вырашылі правесці падобнае пікетаванне, таму што назіраем у беларускіх судах ігнараванне ўсіх нормаў закону”, – кажа Валянціна Каваленка.

Па яе словах, калі грамадзянін спрабуе бараніць свае правы супраць чынавенства, то суды заўсёды займаюць пазіцыю чыноўнікаў. Пра закон там толькі гавораць, а справы сведчаць, што паступаюць суддзі адваротна яму.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск