Ідзе збор сродкаў на канцэрт у Слуцку



Шэсць, мітынг і канцэрт з удзелам Лявона Вольскага – у Слуцку 24 лістапада адзначаць 98-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну. На канцэрт абвешчаны збор сродкаў. На правядзенне імпрэзы патрэбна каля 2 тысяч рублёў. Грошы пойдуць на выдаткі, звязаныя з выкарыстаннем Дома культуры і арэндай апаратуры, аплату паслуг міліцыі і медыкаў. Мясцовыя ўлады ўжо ўзгаднілі з арганізатарамі – Партыяй БНФ ды «Рухамі «За свабоду» і «Разам» фармат і тэрміны ўрачыстых мерапрыемстваў.

«Былі цяжкасці, але ў выніку іх удалося пераадолець», паведаміў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Першым падпісантам быў Аляксей Янукевіч. Тыдзень таму яго запрасілі ў Слуцкі райвыканкам у звязку з тым, што, па словах прадстаўнікоў райвыканкама, пройдзе футбольны матч Чэмпіянату Беларусі ў той жа час. Але нам удалося дамовіцца, каб перад футбольным матчам прайшлі нашы мерапрыемствы. Мы павінны скончыць наш мітынг і шэсце не менш, чым за гадзіну да пачатку футбольнага матча. Таму ўдалося знайсці кампраміснае рашэнне. Я не ведаю, як будуць паводзіць сябе ўлады непасрэдна ў Слуцку, але ёсць некаторыя папярэднія дамоўленасці.

Свой уласны план маюць актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ. Яны правядуць акцыю 25 лістапада. Па словах выканаўцы абавязкаў старшыні арганізацыі ў Беларусі Юрася Беленькага, мерапрыемства пачнецца з мітынгу ў вёсцы Грозава, затым яго ўдзельнікі перамесцяцца ў Семежава, дзе таксама пройдзе мітынг. Пасля гэтага акцыя працягнецца ў Чырвонай Слабадзе (былая Вызна). Фінальным мерапрыемствам стане мітынг у Слуцку.

Слуцкі збройны чын – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 года. На працягу месяца беларускія ўзброеныя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, супраціўляліся наступу бальшавікоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя