Ігар Банцэр: Прызвычайваюся да беларускай рэчаіснасці
Амаль паўтара месяца таму на волю выйшаў беларускі палітзняволены, музыка і грамадскі актывіст Ігар Банцэр. Ігар паступова абжываецца ў роднай Гародні і цяпер яго пачалі выклікаць на розныя камісіі.
Што з ім адбываецца распавядае Ігар Банцэр:
-У сераду, 26 студзеня, я першы раз паўдзельнічаў у такім прафілактычным мерапрыемстве як камісія (не ведаю, як яна правільна называецца). Акрамя мяне там яшчэ дзевяць чалавек было. У Адміністрацыі Ленінскаага раёна Гародні нейкая камісія сёр’ёзная сядзела з васьмі чалавек. У актавым зале гэта адбывалася. Са мною размаўлялі, пыталі ці маю намер працаўладкавацца і весці законапаслухмяны лад жыцця. Прыйшлося распісацца на паперцы, што я абяцаю больш не парушаць заканадаўства і гэдак далей.
Ігар таксама зарэгістраваўся як рамеснік і асноўнай яго дзейнасцю будзе маляванне:
-Я не маляваў 20 гадоў. Дзякуючы таму, што мяне пасадзілі ў 20-м годзе, я пачаў ізноў маляваць. І так намахаўся маляваць паштовачкі з адзінарогам, то думаю, што гэта будзе мой брэнд. Буду рабіць крафтавыя буціковыя ў адным экзэмпляры паштовачкі, прадаваць абсалютна легальна ў інтэрнэце, і можа хтосьці захоча купіць паштоўкі ад Банцэра.
Ігар Банцэр быў арыштаваны 20 кастрычніка 2020 году за правядзенне перформансу ў выглядзе танца без нагавіцаў перад машынай міліцыі. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя органамі следства як хуліганства. Актывіст быў асуджаны на 1,5 года зняволення і ў снежні 2021 года, адседзеўшы ўвесь тэрмін, выйшаў на волю.
Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]