Ігар Банцэр: За мною сочаць штодня



Грамадскі актывіст і музыка з Гародні Ігар Банцэр лічыць, што амаль штодня яго цкуюць прадстаўнікі праваахоўных органаў горада.

Кажа Ігар Банцэр:

– Цэлы дзень за мной ездзіла вонкавае нагляданне. Я думаю, што яны і не хаваліся, гэта такі псіхалагічны момант, ціск на мяне. Каб я бачыў, што яны за мной сочаць. Я не баюся вяртацца позна ўвечары дадому, але калі памятаеце, у канцы 90-х у Гародні невядомыя лідараў апазіцыі ў пад’ездах білі. Я ведаю, што цкуюць не толькі мяне, а іншых лідараў пратэсту, незалежных журналістаў.

Актывіст лічыць, што такім чынам краіна пераўтрвараецца ў нейкі канцлагер:

– Гэтыя метады ціску вельмі непрыгожыя і, насамрэч, псіхалагічна вельмі цяжка. Але жывем далей. Краіна пераўтвараецца, я не скажу, што ў канцлагер, але расейскія вайскоўцы, танкі на вуліцах Гародні, вонкавае нагляданне… Я не ведаю, што будзе далей. Будзем змагацца далей. І выказваю павагу ўсім мужным дзяўчынам і хлопцам нашай роднай краіны, бо трэба змагацца, стаяць да канца.

Ігара Банцэра цягам апошняга месяцу неаднаразова затрымлівалі, ён адбыў больш за 10 содняў у ізалятары часовага ўтрымання, таксама караўся штрафамі, быў затрыманы АМАПаўцамі нават калі прыйшоў абскарджваць сваё затрыманне ў абласны суд Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]