Ігар Комлік: Пашпарт мне па-ранейшаму не аддаюць



Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік, які ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах “справы прафсаюзаў” і быў прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, распавёў, чаму следчыя не хочуць яму вяртаць пашпарт.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным. 2 кастрычніка ён быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Ігар Комлік: Яшчэ 27 кастрычніка я напісаў заяву следчаму, каб той вярнуў пашпарт, які ў мяне забралі падчас вобшуку. Ліст не рэгістраваў, таму і праз месяц ніякага афіцыйнага адказу не дачакаўся. А следчыя мне сказалі так: маўляў, калі спатрэбіцца дакумент, то пішыце заяву, кожны канкрэтны выпадак будзем разглядаць асобна.

РР: Без пашпарта складана даводзіцца?

Ігар Комлік: Безумоўна. Банкаўскую картку трэба атрымаць, патрэбна пераафармляць дамову ў Белтэлекаме, неабходна прайсці медыцынскае абследванне. Шмат дзе патрэбен дакумент, але ж не аддаюць. Думаю, што з гэтай нагоды ў бліжэйшы час нават журналістаў збяру на прэс-канферэнцыю, таму што сітуацыя падобная на нейкі здзек над чалавекам. Можа следчыя баяцца, што я з краіны збіраюся ўцячы? Але гэта проста смешна. Мне не зразумела, якія мэты пераследуюць людзі, якія адмаўляцца вяртаць мне дакумент. Зараз хачу яшчэ раз звярнуцца ў Следчы камітэт, але гэтым разам зарэгіструю ліст афіцыйна, каб, суадносна, атрымаць затым афіцыйны адказ. Цікава ведаць, якія ў іх матывы.

РР: Што чуваць у “справе прафсаюзаў”?

Ігар Комлік: Справа не закрытая, і невядома, калі скончыцца. 1 снежня, дарэчы, заканчваюцца тэрміны разгляду справы, таму яе могуць працягнуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя