Ігар Маслоўскі: Дзеянні органаў «правапарадку» нагадваюць дзейнасць Гестапа і НКВД



Дзеянні органаў «правапарадку» нагадваюць дзейнасць Гестапа і НКВД. Заяву з такім загалоўкам распаўсюдзілі прадстаўнікі берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада).

Менавіта такімі сталі вынікі выбараў і падзеяў за апошнія некалькі дзён, — распавёў палітык Ігар Маслоўскі:

– Зараз сітуацыя, асабліва ў Берасці і Берасцейскай вобласці, нагадвае часы Гестапа ці НКВД у іх росквіце. Таму людзей проста затрымліваюць на вуліцы без усялякіх падстаў. Правяраюць іх тэлефоны. Калі на тэлефоне ёсць любыя фотаздымкі з нейкіх вулічных акцый, нават не важна, ці яны з інтэрнэту, ці ты іх проста здымаў, калі праходзіў побач, табе заломваюць рукі.

«У сувязі з вышэйпададзеным і ў рамках сваіх службовых паўнамоцтваў мы просім органы пракуратуры, міліцыі, выканаўчай і прадстаўнічай улады Берасця і Берасцейскай вобласці забяспечыць захаванне законнасці і правапарадку з рэальным волевыяўленнем грамадзян, якія прынялі ўдзел у выбарах прэзідэнта РБ,» — гаворыцца ў заяве.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце