Ігар Мельнікаў: 23 лютага 1918 году Беларусь была пад нямецкай акупацыяй
Вядомы беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў лічыць, што святкаванне ў Беларусі 23 лютага як Дня абаронцаў Айчыны не мае гістарычнага кантэксту.
Кажа Ігар Мельнікаў:
– 23 лютага 1918 года ніякай вялікай перамогі ў Чырвонай арміі не было. Проста кайзераўскія войскі спыніліся каля Пскова і далей не наступалі. Насамрэч ужо Чырвонай арміі прыйшло змагацца з іншымі праціўнікамі. Разам з тым у гэты час, у лютым 1918 года, уся Беларусь была акупаваная немцамі.
Гісторык лічыць, што штогадовае святкаванне 23 лютага – гэта савецкая традыцыя і ў школах павінны тлумачыць значэнне гэтага свята.
– Дзеткі, на вялікі жаль, не разумеюць кантэксту гэтага свята. Яны нарадзіліся ўжо не ў Савецкім Саюзе. Яны не зусім да канца разумеюць, што такое савецкае, хто змагаўся ў 1941 годзе супраць нацыстаў, калі ў свецкіх жаўнераў на пагонах з’явіліся літаркі СА, напрыклад. Гэты момант ён трохі штучны, таму што мы асобныя савецкія традыцыі прыцягваем, але не тлумачым іх, не расказваем. У кантэксце святаў, у кантэксце сваёй трагедыі, ці перамог, трэба заўсёды браць нацыянальны, беларускі змест.
Ігар Мельнікаў таксама лічыць, што святкаванне 23 лютага як Дня БКА ў Беларусі таксама прыцягнута “за вушы”, бо гісторыя руху супраціву часоў Другой сусветнай вайны патрабуе дакладнага вывучэння.
Беларускае Радыё Рацыя