Ігар Мельнікаў: Без аб’яднання не было б сёння Беларусі



Беларусы павінны ведаць сваю гісторыю і мову. Гэта стрыжань для стварэння моцнай нацыі. Іншага не дадзена для вяртання ў цывілізаваную еўрапейскую сям’ю, галоўнай складаючай, якой мы былі пад назвай Вялікае Княства Літоўскае. 

Вялікі ўнёсак у беларускую гісторыю ўнёс Госць Рацыі – доктар гістарычных навук, ад’юнкт Вроцлаўскага ўніверсітэта Ігар Мельнікаў. Асаблівую цікавасць выклікала яго дзесяцігадовая праца пад агульнай назвай “На мяжы цывілізацый”. Гэта кніга і выстава, якая дэманструецца зараз у Польшчы расказвае нам пра мяжу паміж Польшчай і Расеяй у 39-40 гадах.

Ігар Мельнікаў

РР: Чаму вы звярнулі ўвагу менавіта на гэты адрэзак часу?

Ігар Мельнікаў: Перш за ўсё таму, што гэта сапраўды вельмі важная тэма, якую ў Беларусі, на вялікі жаль, доўгі час не вывучалі, не паказвалі. Гэта кепска, таму што вельмі часта была палітызацыя гэтай тэмы, больш яе разглядалі пад сваім пунктам гледжання. І хацелася б, каб сённяшняе беларускае грамадства зразумела феномен даваеннай савецка-польскай мяжы, вось гэтай мяжы цывілізацыі. А дзеля гэтага я дзясятак гадоў таму пачаў гэтую працу, аб’ехаў вельмі шмат, каб паказаць і міжваенны час, і трагедыю верасня 1939 года, і трагедыю і гераізм чэрвеня 1941 года. Усе гэтыя элементы практычна не даследаваліся ў Беларусі, а ў Польшчы даследаваліся ўсё ж больш з польскага пункту гледжання, што зразумела, канешне. Але ўсё адно нават і тут гэтыя моманты выклікаюць сваю зацікаўленасць.

РР: Якая гісторыя вас найбольш уразіла ад мноства пачутых, менавіта ад тых, хто перажыў, быў сведкам гэтага або іх нашчадкаў?

Ігар Мельнікаў: Гісторыя вельмі вядомая, але ж яе заўсёды трэба падкрэсліваць, гэта абмен Тарашкевіча на Аляхновіча на станцыі Коласава. Дэталі гэтыя апісаў Аляхновіч, але ж гэта мала вядома было грамадству, калі чужынцы абменьвалі беларуса на беларуса.

Тарашкевіч – аўтар беларускай граматыкі, палітычныя погляды якога былі больш левыя, канешне, але ж гэтая “левасць”не перашкаджала ўсё ж такі быць гэтаму чалавеку беларускім патрыётам. Аляхновіч, які шчыра верыў у БССР, у беларускую культуру, традыцыі, стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.

Калі іх абменьвалі польскія і савецкія ўлады, то, канешне, гэты кранальны момант, калі Аляхновіч запытаў: куды ты ідзеш, Броню? Тарашкевіч адказаў: дадому. І вось гэтую трагедыю варта расказаць, паказаць, бо гэта сімвал той падзеленай Беларусі, але гэта сімвал таго, што шмат людзей прайшлі праз гэтыя выпрабаванні.

РР: І, можа, шмат пашкадавала, як той жа Броня?

Ігар Мельнікаў: Не факт. БССР не была такой кепскай, як яе спрабуюць маляваць, таму што там сапраўды была беларусізацыя, беларускі дух фармаваўся, і, дзякуючы БССР, мы атрымалі гэтую аб’яднаную Беларусь пазней. Але разам з тым рэпрэсіі варта памятаць, без іх разумення сённяшняе грамадства рызыкуе паўтараць гэтыя праблемы.

РР: Чырвоная армія – захопнік для заходніх беларусаў ці вызваліцель? Як вось з гістарычнага пункту гледжання і проста чалавечага?

Ігар Мельнікаў: Вельмі цяжкае пытанне, і я хацеў бы адказаць на яго як гісторык. Чырвоная армія выконвала загад, які ёй далі ў Крамлі, камуфлюючы гэты загад пытаннем вызвалення братоў-беларусаў ад панскага ярма. Разам з тым у Крамлі не думалі пра нейкае вызваленне ці аб’яднанне, а гутарка ішла пра сусветную рэвалюцыю.

Разам з тым, з чалавечага пункту гледжання  і з пункту гледжання беларускага, мы аб’ядналі вялікую тэрыторыю, атрымалі амаль пяць мільёнаў насельніцтва, вялікую частку тэрыторыі, з якой пазней вырасла незалежная Беларусь. Гэта вельмі важны момант. Без аб’яднання не было б сёння Беларусі. Усход быў бы русіфікаваны, Захад быў бы паланізаваны, і перастала б існаваць гэтая тэрыторыя як незалежная дзяржава.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]