Ігар Мельнікаў: Гэта рабілася для таго, каб зрабіць прыдатны палігон для русіфікацыі



У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Беларусі сталінская машына рэпрэсій знішчыла больш за сто навукоўцаў, работнікаў культуры, грамадскіх дзеячаў БССР. Сярод іх было 26 пісьменнікаў і паэтаў. Чаму ў адну ноч адбыўся такі масавы расстрэл?

 Рэпрэсіі былі і да гэтага, – кажа кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алена Анісім:

– Я думаю, што гэта была такая падрыхтаваная акцыя, вельмі моцная акцыя, па разгроме менавіта беларускага нацыянальнага руху. Калі я была яшчэ зусім малая, яшчэ толькі пачынала цікавіцца больш беларускай літаратурай, то мне аднойчы бацька, які, дарэчы, падрыхтаваў чарнавік кандыдацкай па творчасці Платона Галавача, сказаў: “Ні з адным нацыяналізмам ніколі так не змагаліся, як з беларускім  нацыяналізмам. Ён меў на ўвазе з беларускім патрыятызмам, з натуральным пачуццём любові да сваёй Радзімы, да сваёй культуры, да свайго народу.

Тое, што адбылося ў ноч 1937 года, 30 кастрычніка, – гэта вельмі моцны падрыхтаваны ўдар, таму што беларусы за папярэдні час прадэмантравалі неўтамаваную энергію, вельмі моцную волю да самастойнасці.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук:

– Гэта быў проста адзін з апагеяў гэтых сталінскіх чыстак. Насамрэч гэтая акцыя працягвалася з пачатку 30-х гадоў, калі Крэмль-Масква прынялі рашэнне правесці згортванне беларусізацыі і каранізацыі, а па-другое, вынішчэнне нацыянальнага актыву на тэрыторыі шмат якіх рэспублік, бо Беларусь – гэта не адзіная краіна. Таксама такая ж акцыя была і ва Украіне, і ў іншых рэспубліках Савецкага саюза.

У Беларусі да гэтага ўсё ішло. Трыццаты год – гэта Саюз вызвалення Беларусі, потым перыяд – першая палова 30-х гадоў, калі людзей арыштоўвалі і рэпрэсавалі. Спачатку спалілі іх кнігі, а пасля знішчылі і гэтых людзей. Усё гэта рабілася для таго, каб зачысціць рэспубліку і зрабіць прыдатны палігон для русіфікацыі.

Трагедыя 1937 года мела водгук і ў 2020 годзе. Калі той, хто адмаўляў сталінскія рэпрэсіі, паўтарыў генацыд беларускага народа. Больш пра трагічныя абставіны 1937 года, якія адгукнуліся рэхам на далейшых падзеях ужо незалежнай Беларусі, можна пачуць на хвалях Беларускага Радыё Рацыя 29 кастрычніка ў 21.30 па беларускім часе, па польскім – на гадзіну раней.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя