Ігар Палынскі: Спадзяюся наступныя Каляды адзначыць дома ў Беларусі



Каляды – файная нагода зрабіць прыпынак у бясконцым руху жыцця і паглядзець на лёс звонку. Атрымаць адказы на тыя пытанні, на якія звычайна не хапае часу. Ці ўсё цябе задавальняе? Што б ты хацеў змяніць, якія ідэі рэалізаваць? І наогул ці сваім жыццём ты жывеш, ці ў сваім накірунку крочыш?

Лёс беларусаў у 2020-2021 гадах быў няпростым. У тым ліку і ў журналістаў. У тым ліку і ў музыкаў. А калі ты адначасова і журналіст, і музыка, то трымайся і спадзявайся на найлепшае.

Вельмі радуе, што нават у такіх складаных умовах у некаторых людзей хапала моцы, каб пасміхацца і радавацца простым жыццёвым рэчам – набытаму самакату, краме беларускай тэматыкі ў Польшчы альбо сольнаму выступу ў Празе.

Наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла менавіта з такім, моцным і пазітыўным чалавекам, калегам і музыкам, лідарам гурта Sumarok, які цяпер з’ехаў у Беласток і мае вялікую сімпатыю да горада, Ігарам Палынскім.

Ігар Палынскі: Так сталася, што музыкі гурту цяпер раскіданыя па свеце. Я ў Польшчы, частка людзей ва Украіне. Як мы будзе працаваць далей, пакуль да канца не зразумела, але магу сказаць дакладна, што гісторыя наша не заканчваецца.

РР: Ці ёсць у цябе ў планах напісанне якой-небудзь каляднай кампазіцыі?

Ігар Палынскі: Трэба сказаць, што я ніколі не пісаў песні на зададзеную тэму. Але ў мяне ёсць план напісаць шэраг песень, не так як раней, мне прыходзіць і я пішу, спачатку верш, пасля музыку, пасля гэта ўсё аранжыруецца… Ёсць думка зрабіць нізку песень вытрыманых у пэўнай тэматыцы. Можа там з’явіцца і калядная. Я пра гэта не думаў. Калі шчыра, але гэта ідэя.

Не было ў нас у Беларусі асаблівай традыцыі неяк маштабна святкаваць Каляды, Новы год. Але цяпер у нас ужо падраслі дзеці і мы рабім свята для іх. Купілі падарункі, паставілі ялінку. Трошачкі сумная атмасфера свята, таму што гэта першы Новы год не дома. Вельмі хацелася б, каб усе наступныя Каляды мы святкавалі дома ў Беларусі. Але зразумела, што не ўсё залежыць ад нас. Тое, што можам для гэтага, – робім. Аднак ёсць абставіны, якія вышэй за нас.

РР: Чым на твой погляд польскія Каляды адрозніваюцца ад беларускіх?

Ігар Палынскі: Трэба разумець, што Польшча – максімальна каталіцкая краіна. І да калядных традыцыяў тут ставяцца з адмысловай пашанай. Я бачу паўсюль упрыгожваюць крамы, гатэлі і г.д., і наколькія зразумеў, для ўсіх польскіх сем’яў вельмі важнае адчуванне рэлігійнага стаўлення да Калядаў. У той жа час мы жывем у Беластоку, і я ведаю, што гэта даволі праваслаўны горад, тут плюс – мінус 50 на 50 праваслаўных і каталікоў. І я ведаю, што на праваслаўныя Каляды тут ходзяць і калядуюць, так як у Беларусі было раней – калядоўшчыкі ходзяць па хатах. Тут гэта і сёння адбываецца. Пабачым.

Цалка размова:

Далучаемся да калядных віншаванняў і шчыра жадаем, каб у кожнага чалавека ўсе яго добрыя жаданні абавязкова спраўджваліся!

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя