Ігар Пастноў хоча правесці пікет да 60-годдзя Аляксандра Лукашэнкі



Віцебскаму лекару Ігару Пастнову адмовілі ў правядзенні пікету, прымеркаванага да 60-годдзя Аляксандра Лукашэнкі.  У лісце з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі напісана, што патрабаванні гарвыканкаму заяўнік выканаў не ў поўным аб’ёме. Па словах доктара Пастнова, не зважаючы на адмову па ідэалагічных прычыных, ён са сваімі сябрамі усё роўна правядзе пікет:

– Дзяржава неабгрунтавана абмежавала маё права на сходы. Яшчэ ў 2008 годзе я замаўляў пікет, мне адмовілі з-за таго, што я не прыклаў да заявы дамовы з гарадскімі службамі. Камітэт палічыў, што гэтыя ўмовы не павінны быць перашкодай для таго, каб я мог рэалізаваць сваё права.

Ігар Пастноў збіраецца 30 жніўня або ў бліжэйшы пасля гэтай даты выходны дзень правесці  акцыю – выйсці з плакатам „Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!”. Апрача гэтага, на плакаце ён хоча  размясціць фотаздымак свайго разліковага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях. Ігар Пастноў шмат разоў крытыкаваў сітуацыю ў сістэме аховы здароў’я, за што ён быў прымусова змешчаны у псіхіятрычны шпіталь.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота politiko.ua