Ігар Шуневіч: Ілжывыя паведамленні аб мініраванні паступалі з-за мяжы



Ілжывыя паведамленні аб мініраванні розных аб’ектаў у Менску паступалі з-за мяжы. Пра гэта журналістам паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, каментар якога размешчаны на YouTube-канале агенцтва „Мінск-Навіны”.

„Электронныя сляды заўсёды застаюцца. І мы ў якасці доказаў маем такія сляды. Але я сёння не магу пахваліцца тым, што мы затрымалі зламыснікаў. З вялікай доляй верагоднасці магу паведаміць, што яны знаходзяцца за мяжой”, — сказаў кіраўнік МУС.

„Усе тыя, хто паведамляў аб такіх, скажам так, „закладках” на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, былі затрыманыя”, — дапоўніў ён.

„Замежнікаў, на жаль, мы сёння не змаглі ні пралічыць, ні затрымаць. Гэта справа будучыні”, — сказаў Шуневіч.

Паводле яго слоў, для спынення такіх інцыдэнтаў, у тым ліку падчас Еўрапейскіх гульняў, якія маюць адбыцца ў Менску, выпрацаваны алгарытм, які „дастаткова просты”.

„Шэраг аб’ектаў мы бярэм пад кругласутачную ахову загадзя. Правяраем іх з дапамогай піратэхнічных і сапёрных груп, службовых жывёл, спецыяльнай апаратуры. І з улікам гэтага, калі, не дай бог, з’явіцца такое паведамленне (аб мініраванні.), то сумятні яно не ўнясе ў дзейнасць па арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў”, — упэўнены кіраўнік МУС.

„Але ў любым выпадку мы рэагаваць будзем — так трэба”, — падсумаваў ён.

З канца сакавіка ў Менску неаднаразова „мініравалі” розныя аб’екты. Так, 31 сакавіка невядомы паведаміў аб мініраванні гандлёвых цэнтраў „Галілеа” і „Замак”, а таксама чыгуначнага вакзала. 6 красавіка паступіў званок аб выбуховым прыстасаванні ў гандлёва-забаўляльным цэнтры „Галерэя”. 27 красавіка паступіла паведамленне аб мініраванні станцыі метро „Уручча”. 29 красавіка невядомы паведаміў аб мініраванні чыгуначнага вакзала, гасцініцы „Хілтан” і аэрапорта. 18 мая ў міліцыю паступіла паведамленне аб мініраванні ТРЦ „Галерэя”. 28 траўня на электронную пошту Нацбанка паступіла ананімнае паведамленне пра тое, што будынак замініраваны.

Ва ўсіх выпадках інфармацыя аказалася лжывай. Толькі ў адным выпадку падазраваны ў ілжывым паведамленні пра небяспеку (мініраванні станцыі метро „Уручча”) быў затрыманы.

II Еўрапейскія гульні пройдуць 21—30 чэрвеня ў Менску на 12 спартыўных аб’ектах. У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін.

belapan.by