Ігар Случак пра стан беларускай мовы



21-га лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У 2009 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры залічыла беларускую мову да ліку моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Сітуацыю са станам беларускай мовы каментуе заснавальнік ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак:

З 2011 года вяду статыстыку па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у дзяржаўныя органы і ўстановы. Напрыклад, з 2011 да 2016 года было толькі 0,5% беларускамоўных зваротаў. А вось у 2017 годзе быў даволі вялікі скачок: сярэдні працэнт па выканкамах – 2,5%. Гэта значыць, што зваротаў грамадзян па-беларуску стала ў 5 разоў болей.

Пазітыўныя зрухі закранулі і беларускі спорт, працягвае моўны актывіст:

Беларускай мовы стала болей у спорце, асабліва ў футболе. За мінулыя пары гадоў амаль увесь футбольны чэмпіянат Вышэйшай лігі цалкам беларусізаваўся. Калі яшчэ пару гадоў таму ніхто з футбольных клубаў не пісаў па-беларуску прозвішчы сваіх гульцоў, то ў мінулым сезоне 11 з 16 пісалі прозвішчы сваіх гульцоў па-беларуску. Былі такія клубы і ў Першай, і ў Другой лізе.

Адноснае павелічэнне прасторы ўжывання беларускай мовы не мае сістэмнага характару, упэўнены Случак, і адбываецца выключна высілкамі неабыякавых грамадзянаў і прадстаўнікоў бізнесу, без належнага ўдзелу з боку дзяржавы.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

[manual_related_posts]