Ігара Пастнова прымусова адправілі на псіхіятрычную экспертызу



У рамках крымінальнай справы за „заведама ілжывы данос аб здзяйсненні злачынства” віцебскага лекара Ігара Пастнова прымусова даставілі ў экспертны стацыянар у “Навінкі”.

Ігар Пастноў

Як напісала «Беларуская праўда», следчая па тэлефоне выклікала Ігара Пастнова 4 верасня на допыт у рамках крымінальнай справы, узбуджанай па частцы 1 артыкула 400 КК «Загадзя ілжывы данос аб здзяйсненні злачынства». На допыце Пастнову стала кепска (рэзка падняўся артэрыяльны ціск) і ён папрасіў выклікаць лекара. Замест лекара прыехалі супрацоўнікі РАУС, на Ігара Пастнова склалі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і павезлі ў 25-е аддзяленне стацыянарных экспертыз у „Навінкі”.

Ігар Пастноў катэгарычна адмаўляўся ад праходжання стацыянарнай экспертызы праз недавер да экспертаў.

Нагадаем, што крымінальная справа па частцы 1 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса была распачатая 4 ліпеня гарадскім аддзелам Следчага камітэта па заяве начальніка СІЗА №2 Эдуарда Курыленкі. Падставай для крымінальнага пераследу стаў запіс Пастнова ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» пра факты збіцця і катаванняў у гэтым СІЗА, дзе ён сцвярджаў, што гэтыя і іншыя супрацьпраўныя дзеянні нібыта здзейсніў начальнік установы Курыленка, а таксама яго супрацоўнікі. На думку праваабаронцаў „Вясны”, сам факт узбуджэння крымінальнай справы можа супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным абавязальніцтвам краіны ў галіне забеспячэння права на свабоду выказвання меркаванняў.

Вясна