Ігара Пражэннікава пакаралі паўтара гадамі калоніі агульнага рэжыму



Суд Фрунзенскага раёна Менска 17 лютага вынес прысуд 21-гадоваму палітвязню Ігару Пражэннікаву. Суддзя Юлія Чыж пакарала яго паўтара гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Пражэннікаў прызнаны вінаватым паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Ён абвінавачаны ў тым, што 4 кастрычніка 2020 года падчас акцыі „Марш вызвалення палітвязняў” актыўна ўдзельнічаў у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: з групай асоб выкрыкваў лозунгі, стаяў у счэпцы каля метро „Пушкінская” і „Міхалова”, пляскаў у далоні, неаднаразова адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, наўмысна перашкаджаў руху транспарту і працы прадпрыемстваў.

Пражэннікава таксама абвінавацілі ў тым, што яго дзеяннямі і дзеяннямі іншых асоб 4 кастрычніка быў прыпынены рух прыблізна 50 транспартных сродкаў. Згодна з разлікамі „Мінсктранса”, урон склаў 18.624 рублі 45 капеек.

Акрамя таго, маладога чалавека абвінавацілі ў заклейванні вонкавых камер відэаназірання ля ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама. Паводле абвінавачання, „Пражэннікаў прыўзняў неўстаноўленую асобу, пасля чаго гэтая асоба нанесла два ўдары не ўсталяванымі падчас следства прадметамі па камерах вонкавага відэаназірання”. Затым ён „заляпіў самаклейнай паперай адну з вонкавых камер, размешчаных каля брамы, агляднае акно дзвярэй і акно кантрольна-прапускнога пункта ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, тым самым закрыўшы агляд падзей, дзеянняў з боку мітынгоўцаў, абмежаваў магчымасць супрацоўнікам ЦІП і ІЧУ ацэньваць сітуацыю, якая склалася, і аператыўна рэагаваць на яе змену”.

Віну Пражэннікаў прызнаў у поўным аб’ёме.

У сваім апошнім слове ён заявіў: „Калі скажу, што я паддаўся натоўпу, — не зграшу. Гэта быў юнацкі максімалізм. Я не апазіцыянер, не рэвалюцыянер, я не нясу ідэі ў масы. За кратамі прыйшло асэнсаванне, што я патрэбны толькі сваёй сям’і, маці. Віну цалкам прызнаю, шкадую аб тым, што зрабіў”.

Дзяржаўны абвінаваўца Крысціна Асран палічыла, што яго віна цалкам даказаная, і прасіла суд пакараць яго паўтара гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Юлія Чыж.

belapan.by