Ігару Салаўю зменяць рэжым зняволення на больш жорсткі



Па папярэдняй інфармацыі, палітвязню Ігару Салаўю зменяць рэжым зняволення на больш жорсткі.

Неўзабаве яго перавядуць з бабруйскай папраўчай калоніі №2 у магілёўскую турму, на строгі рэжым. Ініцыявала працэс адміністрацыя калоніі, нібы за рэгулярныя парушэнні палітвязням дысцыпліны.

Грамадская дзяячка Вераніка Іванова, якая адсочвае лёс пінчукоў-палітвязняў, упэўненая, што Салаўя пакаралі за яго прынцыповасць:

– Ён заўжды абараняў свае погляды, правы. Я ўпэўненая, што знаходзячыся ў калоніі, ён працягвае рабіць тое ж самае. Ён добра ведае законныя механізмы, ён хоча, каб было строга па законе. У нас такое непрымальна. І ў сувязі з яго артыкулам і формай паводзінаў яго рэпрэсуюць. Працяглы час ён знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу ўнутры калоніі. Гэта з’яўляецца дысцыплінарным спагнаннем. Яго максімальна абмяжоўвалі ў перадачах, суме грошай, якую ён можа выдаткоўваць на сябе.

Ігар Салавей летась асуджаны па гучнай “Пінскай справе”, ён пакараны шасцю гадамі зняволення за ўдзел увечары 9-га жніўня 2020 года ў стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]