Ікона «Усецарыца» склікала сотні вернікаў у Сынковічы



31 жніўня ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна адбылося вялікае свята — ўшанаванне іконы “Усецарыца”, копія якой захоўваецца ў Сынковіцкай Свята-Міхайлаўскай царкве. Яна была асвечана ў дваццаці манастырах Афона і прыкладзена да мошчаў святых угоднікаў Божых. Праваслаўныя святары адзначаюць, што афонская ікона “Усецарыца” з’яўляе сваю моц супраць магічных чараў, захапленне якімі

распаўсюдзілася па хрысціянскім свеце. Гэтая ікона праславілася рознымі цудамі і вылечвае ад хваробаў сучаснай цывілізацыі — анкалогіі, наркаманіі, СНІДу. Ікона, напісаная з выкананнем канонаў і асвечаная на першавобразе, атрымлівае такую ж боскую ласку і моц, як і арыгінал. Тысячы людзей з Беларусі і з суседніх дзяржаў прыехалі і прыйшлі на ўрачыстасць. Пасля святочнай службы ў царкве, ікону вынеслі з храма, і Хрэсным ходам людзі прайшлі з іконай вакол царквы, а потым па ўсёй вёсцы Сынковічы да мясцовай святой крыніцы. Працяг урачыстасці адбыўся каля Сынковіцкай крыніцы, дзе людзі маліліся Богу і іконе “Усецарыцы”, а таксама набіралі з сабой святой крынічнай вады.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара