Ільдар Дадзін на акцыю ў Маскве прыйшоў з украінскім сцягам



Расейскі грамадскі актывіст Ільдар Дадзін прыйшоў на акцыю расейскай апазіцыі на Балотнай плошчы ў Маскве з украінскім сцягам. Фота актывіста на сваёй старонцы ў Facebook апублікаваў украінскі журналіст Раман Цымбалюк

„Хадзіць са сцягам Украіны па Маскве сёння – гэта тое ж сама, што з Чырвоным сцягам у 43-ім па Берліне. Пазнаёміўся сёння асабіста з чалавекам, які не баіцца здзяйсняць такія ўчынкі. Гэта Ільдар Дадзін – першы ў Расеі чалавек, які атрымаў рэальны турэмны тэрмін за ўдзел у антываенных пікетах. Прасядзеў некалькі гадоў у калоніі толькі за тое, што выступаў супраць вайны з Украінай” – напісаў у сваім фэйсбуку журналіст.

Сёння, 6 траўня, у Маскве прайшла акцыя з нагоды ўгодкаў падзеяў у Маскве на Балотнай плошчы. У прэс-службе маскоўскага глаўку паліцыі паведамілі пра тое, што ўдзел у ёй узяло каля тысячы чалавек. „Белы лічыльнік” сваім парадкам паведаміў пра 2,8 тысяч чалавек, якія прайшлі праз паліцэйскія рамкі на мітынг.

Беларускае Радыё Рацыя