Ілля Дабратвор: Мясцовыя ўлады самі ў жаху, што Улаховіч іх дэпутат
Сябра Партыі БНФ Ілля Дабратвор, які балатаваўся ў Сенненскай выбарчай акрузе ў Менскім раёне, упэўнены, што перамог свайго апанента, былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Улаховіча. Аднак па афіцыйных выніках ён атрымаў 19,3 працэнта. Тым не менш, Дабратвор заявіў, што падаваць скаргаў не будзе:
– Калі ў ваш скралі гаманец, то вы ж не пойдзеце да злодзея і не пададзіце яму скару: які ты кепскі чалавек, ты ў мяне скраў гаманец, прызнай гэта і вяртай гаманец назад. Таму я нічога не пісаў. Самае галоўнае для мяне, што мясцовыя ўлады і ў камісіях разумеюць, каго яны прывялі ў Палату прадстаўнікоў. Я калі прыходжу зараз, кажу: гэта ваш Франкінштэйн, гэта вашая пачвара, ваш твар – гэта ваш кандыдат. Вы з ім і змагайцеся.
Па словах Іллі Дабратвора, яго супернік добра ведае, што не выйграў на гэтых выбарах і таму вельмі нервуецца. Як кажа палітык, падчас кампаніі ён не шукаў ворагаў, а сяброў. І знайшоў іх вельмі шмат.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
